“Удзел ў выбарчай кампаніі – мой грамадзянскі абавязак”

Па ўсёй краіне з аўторка працягваецца датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў парламента. Да галоўнай палітычнай кампаніі года далучыліся і жыхары нашага рэгіёна.
Жыткавіцкі мікрараён Азёрны пастаянна прырастае новабудоўлямі, а значыць большае тут і электарату. У сярэдняй школе №3 размешчаны адразу два ўчасткі. Той, што пад нумарам 10, – найбуйнейшы ў раёне. У спісах участкама — 1362 чалавекі. Падчас датэрміновага галасавання члены камісіі працуюць не ў поўным складзе. Усе дванаццаць, як і патрэбна, збяруцца 17 лістапада.
— Сёлета абсталявалі спецыяльнае месца для выбаршчыкаў з абмежаванымі магмымасцямі, — знаёміць з асаблівасцямі працэсу старшыня мясцовага выбаркама Ганна Друк. – Але ў нас і кабіны шырокія, без парожкаў, грамадзяніну на інваліднай калясцы зручна заехаць. У мікрараёне нямала моладых людзей, для якіх гэтыя выбары першыя ў жыцці. На памяць пра падзею ім уручаем спецыяльныя паштоўкі Цэнтрвыбаркама і вырабленыя на гуртках сувеніры. А ў асноўны дзень сюрпрызы чакаюць першых выбаршчыкаў. Звычайна гэта нашы паважаныя ветэраны працы.
Пакуль гутарылі, у памяшканні з’явіліся чарговыя наведвальнікі. Марыя Пятроўна працуе ў бальніцы. У нядзелю ёй якраз выпала дзённая змена, таму на ўчастак вырашыла зазірнуць загадзя.
— Лічу сябе дысцыплінаваным чалавекам, — з усмешкай прызнаецца жанчына, але фатаграфафацца адмаўляецца. – Гэта ж наш абавязак – удзельнічаць у выбарчай кампаніі. А голас трэба аддаваць за таго кандыдата, каму давяраешь.
Падтрымаў гэту думку і пенсіянер Мікалай Мікалаевіч, у якога на выхадныя свае сямейныя планы.
Пацікавіліся мы, як ідзе галасаванне і на самым маленькім на Жыткаўшчыне ўчастку. У крайняй паўночна-заходняй кропцы раёна, вёсцы Грабава, жывуць каля сотні чалавек, 74 з якіх надзелены выбарчым правам. Месца іх волевыяўлення – сельскі дом народных традыцый, які па звычцы ўсе называюць клубам.
— Запрашэнне данеслі ў кожную хату, — расказвае пра падрыхтоўку старшыня камісіі Іван Малькевіч. – Пераважная колькасць нашых грамадзян пенсіянеры. Звычайна прадстаўнікі старэйшага пакалення прыходзяць да ўрнаў у асноўны дзень. Выбары з савецкіх часоў лічацца святам. Каб падтрымаць традыцыю, ў гэту нядзелю рыхтуем канцэрт. Акрамя артыстаў мастацкай самадзейнасці, ў клуб абяцаў прыйсці і наш мясцовы гарманіст-аматар.
Па інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, у першы дзень датэрміновага галасавання бюлетэні запоўнілі крыху меней за пяць працэнтаў беларусаў, унесеных у спісы. Заўтра ўсе ўчасткі адчыняцца у восем гадзін і будуць працаваць да 20.00.
Святлана Шакалян
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.