ЗАБАРАНІЦЬ НЕЛЬГА АДМОВІЦЬ

Дзе ў гэтай фразе ставіць коску, калі размова ідзе пра карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў школах? Тэма апошнім часам набыла шырокі грамадскі рэзананс. І справа тут не толькі ў адмоўным уплыве гаджэтаў на дзіцячае здароўе, якія пагаршаюць зрок і садзейнічаюць гіпадынаміі. Яны часта перашкаджаюць навучальнаму працэсу.

Між тым, як пішуць у адкрытых крыніцах, акрэсленае пытанне актуальна не толькі для Беларусі. У многіх краінах свету тэлефоны не вітаюцца нават на перапынках. Напрыклад, у Амерыцы падчас урокаў вучні здаюць іх у сейфы. Францыя — адна з першых еўрапейскіх дзяржаў, дзе на агульнанацыянальным узроўні ўвялі забарону на эксплуатацыю мабільных у пачатковым і сярэднім звяне. Японскім дзецям не дазваляецца прыносіць гэтыя прылады нават у партфелях. Выхаванцы аднаго з элітных англійскіх каледжаў, трапіўшыя на вочы педагога са смартфонам, могуць быць заключаны ў своеасаблівы карцар.

Ці павінна школа стаць тэрыторыяй без электронных «забаўлялак»? Вось што думаюць на гэты конт чытачы газеты.

Мікалай Дарошка, дырэктар СШ №2 г. Турава:

— Наша ўстанова ўвяла забарону тэлефонаў напэўна першай у раёне. У статут школы яна была ўнесена яшчэ ў 2013 годзе. Новаўвядзенне прыжывалася не без цяжкасцяў, мы праводзілі вялікую тлумачальную работу і сярод дзяцей, і сярод бацькоў. Цяпер ніякіх скаргаў няма. Канечне, я не ўпэўнены, што іх наогул не прыносяць, але ж галоўнага мы дабіліся: тэлефоны на ўроку не адцягваюць увагу, не выкарыстоўваюцца як шпаргалкі. Калі тэрмінова трэба апавясціць сям’ю вучня, у кожнага класнага кіраўніка ёсць кантакты. На занятках па той жа, напрыклад, інфарматыцы, хапае школьных кампьютараў з выхадам у Інтэрнэт.

Кацярына Лузай, дзясяцікласніца СШ №1г. Жыткавічы:

— Іншы раз рэальна трэба пазваніць, таму пажадана на гэты выпадак мець тэлефон пры сабе. А ці карыстацца ім для іншых патрэб, у тым ліку на ўроках, залежыць ад выхаванасці чалавека. Нярэдка смартфон служыць нейкай меркай статуснасці, такая модная цацка. Хаця я б не сказала, што ў нашым класе занадта мераюцца «крутасцю» гаджэтаў. Пра сябе асабіста скажу: без мабільнага Інтэрнэту лёгка вытрымаю пару дзён.

Кірыл Гаўрыленка,сямікласнік гімназіі:

— З-за пагаршэння адзнак бацькі часова «канфіскавалі» мой сэнсар, выдаўшы стары кнопачны апарат. І вы ведаеце, гэта падзейнічала, паспяховасць змянілася да лепшага. Шкодзяць не самі тэлефоны, хаця нам казалі пра ўплыў хвалевага выпраменьвання, а празмернае захапленне рознымі відэа і гульнямі ў іх. Гаджэты мы пакідаем на вахце. З дазволу настаўнікаў у любы час іх можна ўзяць, каб пазваніць. Па-мойму, гэта нармальна.

Паліна Акунец, маці двух школьнікаў:

— Я — за абмежаванне. Мае сыны, падобна большасці моладзі, тэлефоны выкарыстоўваюць не столькі для сувязі, а як гульнёвую прыстаўку. «Завісаць» над экранам шкодна нават на перапынку, бо імгненна пераключыцца на засваенне ведаў немагчыма. Лепш гэты час пабегалі б на свежым паветры. Дома таксама стараюся сачыць за тым, каб дзеці не злоўжывалі мабільнікамі. Але, прызнаюся: змагацца з такой залежнасцю няпроста.

Пётр Мулюк, трэцякласнік СШ №2 г. Жыткавічы:

— У школе трэба вучыцца, а тэлефон адрывае ад справы. Калі шмат гуляешь у ім — «тупееш», і адзнакі пагаршаюцца. У мяне пакуль няма мабільніка. Мама паабяцала купіць, калі пайду ў шосты клас. Я не зайзрошчу іншым дзецям, бо мець гаджэт не галоўнае.

Таццяна Русая, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

— Навучальным установам прадастаўлена права палітыку ў дачыненні гаджэтаў вырашаць самастойна. Большасць іх рэкамендуюць дзецям на ўроках адключаць устройствы, пакідаючы ў рукзаках. У частцы нашых школ вучні пасля званка здаюць тэлефоны настаўніку, складваючы ў каробку. І апошні варыянт — наогул пакідаць іх дома. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы пункт, які тычыцца абмежавання карыстання тэлефонамі, ў правілы ўнутранага распарадку школ быў ўнесены яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года. Як адміністратар, лічу абмежаванне правільным. Мы павінны прывучаць моладзь да культуры карыстання падобнымі сродкамі, без якіх сёння ўжо нельга ўявіць жыцця.

Святлана Шакалян.

Фота илюстрацыйнага характару

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.