Аснова канструктыўных стасункаў

Даволі дынамічнай і разнастайнай па тэматыцы атрымалася суботняя “прамая тэлефонная лінія” старшыні райвыканкама Аляксандра Сідарэнкі з жыхарамі рэгіёна. За тры гадзіны кіраўнік разгледзеў  дзесяць зваротаў. Па многіх з іх адказныя службовыя асобы адразу атрымалі канкрэтныя даручэнні па неадкладнаму вырашэнню ўзнятых людзьмі пытанняў.

Менавіта такой аператыўнасці Аляксандр Мікалаевіч запатрабаваў па праблеме, звязанай з рухам грамадскага гарадскога транспарту. У прыватнасці, ранішняга маршруту, які адпраўляецца з мікрараёна Жыткавічы-1 у цэнтр.  На гэтым засяродзілі ўвагу кіраўніка рэгіёна адразу тры гараджанкі. Як яны патлумачылі, згаданы рэйс запатрабаваны, бо дазваляе і дарослым, і дзецям своечасова трапіць на працу і вучобы. Асабліва ў зімовы перыяд, калі транспартам сталі карыстацца больш жыхароў. Таму, напрыклад, на прыпынак ля адміністрацыйнага будынка Жыткавіцкага леспрамгаса аўтобус прыходзіць ужо перапоўнены.

— Бывае так, што дзвярыма заціскае дзяцей, а дарослыя, каб вальней у салоне было падлеткам, нават не ўмяшчаюцца, — даводзілі заяўніцы. — Ці нельга на зіму змяніць расклад руху, каб разгрузіць маршрут і перавозіць людзей з большым камфортам.

— Безумоўна, такога быць не павінна, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка, — сітуацыю будзем папраўляць.

Жыткаўчаніна Валянціна, які пражывае на вуліцы Маладзёжнай, звярнуцца да старшыні  райвыканкама вымусіла вялічэзная бяроза.

— Яна пагражае камунікацыям і людзям, асабліва, калі дзьме моцны вецер, — расказаў мужчына. — Каб яе зрэзаць, патрабуюцца спецыялісты.

— Камісія абследуе ваша дрэва. Калі яно знаходзіцца ў аварыйным стане, абавязкова дапаможам, — запэўніў грамадзяніна кіраўнік раённай улады.

Выедуць для вывучэння сітуацыі спецыялісты і па звароту, які паступіў з вуліцы кастрычніцкай. Жанчына непакоілася пра тое, што няма на аўтобусным прыпынку павільёна, а лаву зрабілі такую, што на яе боязна садзіцца, бо разваліцца. Тым больш, як паведаміла кабета, не аднаразова звярталася ў адпаведныя службы, але ад іх кіраўнікоў акрамя абяцанняў пакуль канкрэтных дзеянняў не дачакалася. Пасля тэлефанавання праблема ўзята пад пільны кантроль, як запэўніў Аляксандр Сідарэнка, калі абяцалі, значыць, пастараемся слова стрымаць.

А вось жыхарка аграгарадка Азёрны звярнулася на “прамую лінію” па прычыне недабрасумленнасці работнікаў аднаго са сталічных кадравых агенцтваў, да якіх жанчына звярнулася за дапамогай у працаўладкаванні. Заплаціла за гэта немалыя грошы, але акрамя нумароў тэлефонаў, па якіх жа сама і званіла, нічога не атрымала.  Пісала вяскоўка пасярэднікам і ліст, і тэлефанавала, але тыя на сувязь не выходзілі. На жаль, для нашага часу сітуацыя даволі частая, таму адзіная парада жанчыне пісаць заяву ў міліцыю.

Тэлефонны дыялог жыхароў са старшынёй райвыканкама красамоўна засведчыў, што грамадзяне звяртаюцца да ўлады не толькі з пытаннямі па праблемах паляпшэння  жыццядзейнасці, але і тых, якія тычацца стасункаў паміж людзьмі. Асабліва паміж суседзямі. І даволі часта яны заходзяць у такі тупік, з якога выбрацца даволі складана нават з дапамогай. Тым больш, калі самі варагуючыя бакі не жадаюць прымірэння. У некалькі такіх сітуацый на “прамой тэлефоннай лініі” давялося ўнікнуць Аляксандру Сідарэнку, цярпяліва выслухоўваючы заяўнікаў. У прыватнасці, з Турава і Жыткавічаў. Канечне, іх звароты не застануцца без увагі, прадстаўнікі ўлады адрэагуюць.

Не прамінуў скарыстацца магчымасцю агучыць сваё пытанне старшыні райвыканкама і хільчанін Васіль. Ён выконваў інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Мае ўзнагароды. Але так атрымалася, што ў свой час не рэалізаваў уласнае права на атрыманне бясплатнага жылля. Таму вясковец цікавіўся, ці магчыма гэта зрабіць зараз, або атрымаць субсідыю на рэканструкцыю дома, у якім пражываюць з жонкай.Пытанне няпростае, за прайшоўшыя гады ў заканадаўстве адбылося нямала змяненняў. Таму, па словах кіраўніка рэгіёна, сітуацыя  патрабуе дэталёвага вывучэння, пасля чаго заяўніку будзе дадзены кампетэнтны адказ.

Розных пытанняў і праблем у насельніцтва маецца нямала. Разам з тым карысць прамых ліній у тым, што звароты аператыўна даводзяцца да мясцовай улады, якой і вырашаць узнікшыя складанасці не толькі ў прававым полі, але і з пункту чалавечых адносін. Яны, як паказвае практыка, адыгрываюць не апошнюю ролю ў развіцці канструктыўных стасункаў службоўцаў з насельніцтвам, а таксама ва ўмацаванні даверу паміж бакамі, а таксама спрыяюць больш актыўнай рабоце з людзьмі кожным адказным спецыялістам.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.