Цаглінка да цаглінкі будуецца дом

Шпаркімі тэмпамі шырацца Жыткавічы на поўдзень. Там, дзе зусім нядаўна пуставала поле, нібы грыбы пасля дажджу, растуць шматпавярховікі. Апошні дом у мікрараёне №10 заклалі ў канцы верасня будаўнікі перасоўнай механізаванай калоны №76, а здаць яго абяцаюць ужо наступным летам.  

Па словах прараба Дзмітрыя Агіевіча, штодня на аб’екце вахтавым метадам па 12 гадзін шчыруюць звыш двух дзясяткаў чалавек. Каб укласціся ў даволі сціслыя тэрміны, на субпадрад запрасілі напарнікаў па трэсту з Калінкавіцкай ПМК-43. У гэтыя снежаньскія дні рабочыя выходзяць з так званага нулявога этапу, ці прасцей кажучы, фундамента. Дзе-нідзе ўжо бачны абрысы першага паверха. Муляраў Генадзя Якімцава і Ігара Некрашэвіча якраз засталі на ўкладцы блокаў, таму не сталі адрываць размовамі ад справы. А вось іх калега Уладзімір Несцярэнка ў чаканні, пакуль кранаўшчык падасць стропы, за некалькі хвілін паспеў патлумачыць сезонныя нюансы тэхналогіі:

— Каб мінусавая пагода не пагаршала якасць работ, у раствор дадаецца спецыяльнае рэчыва, дзякуючы якому сумесь захоўвае свае ўласцівасці пры нізкіх тэмпературах. Нам жа мерзнуць не дазваляе пастаянны рух на пляцоўцы ды цёплыя спяцоўкі.

Па праекту ў трохпад’ездным доме будзе 60 кватэр, поўнасцю гатовых да засялення. Улазіны  тут справяць пераважна шматдзетныя сем’і.

Тэкст і фота Святланы Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.