І песня ў падарунак

З вялікай радасцю пацыенты аддзялення сястрынскага догляду Тураўскай бальніцы прымалі артыстаў ансамбля народнай песні “Дарніца” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У госці да людзей пажылога веку жанчыны ў прыгожых нацыянальных строях наведаліся з нагоды дзвюх суседнічаючых каляндарных дат — дня інвалідаў і праваслаўнага свята Ўвядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы. Пад баян спявачкі выдалі паўнавартасны канцэрт, у які ўвайшлі рознажанравыя творы. Трэба было бачыць, як ад праяўленай увагі прасвятлелі твары гледачоў.

Пакуль у Жыткавічах існавала бальніца сястрынскага догляду, артысткі з ТЦСАН там часта выступалі. Пасля аб’яднання прытулкаў прыехалі да пажылых упершыню.

Зараз у Тураўскай бальніцы клапоцяцца пра 58 чалавек, па розных прычынах стаўшых адзінокімі і няздольнымі да самаабслугоўвання. На ўмовы казённага жыцця бабулі з дзядулямі не скардзіліся, але было заўважна, што новым суразмоўцам яны шчыра радуюцца.

Разам з песнямі аддзяленне атрымала і матэрыяльны прэзент. Тэрытарыяльны цэнтр перадаў гігіенічныя сродкі для ляжачых пацыентаў, якіх у палатах немалая колькасць. Па словах персаналу, акрамя памперсаў, тут з удзячнасцю гатовы прыняць і адзенне, каб прынарадзіць пенсіянераў па-дамашняму.

Святлана Шакалян,

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.