На тэрыторыі Марохараўскага сельсавета маецца чатыры знакавыя мясціны

На тэрыторыі Марохараўскага сельсавета маецца чатыры знакавыя мясціны, якія нагадваюць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.  Кіраўніцтва сельвыканкама зараз прыкладвае шмат намаганняў, каб да юбілею перамогі кардынальна абнавіць абеліскі і мемарыялы.

Сёлета ў гэтым напрамку праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні помніка  ў аграгарадку Бялёў. Па словах старшыні Савета Генадзя Лесько, гэта па сутнасці была народная справа, якую падтрымалі насельніцтва, дыпутаты, кіраўнікі і работнікі мясцовых і гарадскіх арганізацый. Дзякуючы такой супольнай працы ўдалося паспяхова завяршыць першы этап па рэканструкцыі мемарыяла.

— Зроблена шмат, — пералічвае аб’ёмы Генадзь Пятровіч. — Поўнасцю дэманціравалі старую плітку, тры цэментныя клумбы, выкарчавалі два пні, вывезлі увесь стары грунт, падвезлі свежага, паклалі 130 метраў квадратных новай пліткі, па-іншаму разбілі клумбы, якія  практычна засеялі газоннай травой. Безумоўна, што такога  не адбылося б без дапамогі, якую аказалі калектывы камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў”,  акцыянерных таварыстваў “Сатурн-1”, “эрбен Груп”, “Жыткавічыхімсервіс” і ДЭУ-111. Ды і жыхары аграгарадка не засталіся ўбаку — ахвяравалі на добраўпарадкаванне мемарыяла 1600 рублёў.

Працягнуць работы ў гэтым накірунку Марохараўскі сельвыканкам плануе і ў наступным годзе. Найперш, мяркуюць у святым месцы высадзіць туі і кветкі, пакласці бардзюры, устанавіць дадаткова формы сучасных  клумбаў.  Адным словам, пастараюцца, каб дзявятага мая  помнік у гонар загінуўшых змагароў і тэрыторыя вакол яго выглядалі як новенькія.

Перамены чакаюцца і ля абеліска ў вёсцы Марохарава. Тут з’явяцца новыя бардзюры і плітка. Матэрыял ужо закуплены, а работы сельвыканкам правядзе з падтрымкай спонсараў і людзей.

— Такая праца з’яўляецца нашым абавязкам і данінай павагі да тых, хто адстаяў Радзіму ад ворагаў, хто бязвінна загінуў у гэтай калацечы, — адзначае кіраўнік вясковай улады Генадзь Лесько. — І вельмі прыемна, што нашчадкі герояў зрабілі такую важную і патрэбную справу.

Сярод знакавых праектаў, якія сёлета рэалізоўваліся на тэрыторыі Марохараўскага сельсавета ў плане навядзення парадку на зямлі, стала і азеляненне паселішчаў. На незапатрабаваных людзьмі надзелах высадзілі амаль тысячу трыста дрэўцаў. Зноў жа рабіны, бярозкі, клёнікі, сасонкі, якія сельвыканкаму прадаставіў калектыў Ляхавіцкага лясніцтва Жыткавіцкага лясгаса, размяшчалі сумеснымі намаганнямі і дарослых, і дзяцей. Даволі сімвалічна, але і маладое пакаленне павінна добра ўсвядоміць, што прыгажосць малой радзімы з’яўляецца клопатам асаблівым і залежыць ад кожнага жыхара.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.