Падмурак камфортнага пражывання

Устойлівае развіццё любога грамадства ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі праводзімая дзяржавай сацыяльна-эканамічная палітыка адпавядае жыццёвым патрабаванням грамадзян. Яно з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці мясцовых органаў улады. Як гэта ажыццяўляецца на Жыткаўшчыне, вялі размову спецыялісты прапагандысцка-інфармацыйнай групы райвыканкама, якую ўзначальвае кіраўнік рэгіёна Аляксандр Сідарэнка, з калектывам сярэдняй школы №3 райцэнтра падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва.

Адукацыя і здароўе

Па  вынесеным на парадак дня пытанні выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама  Сяргей Агіевіч. У сваім дакладзе ён дэталёва прааналізаваў работу, якая вядзецца ў нашым краі па развіццю сацыяльнай інфраструктуры ў інтарэсах камфортнага пражывання насельніцтва.

– Прыярытэтам у намаганнях улады застаецца клопат аб дабрабыце людзей, захаванні эканамічнага і сацыяльнага патэнцыяла рэгіёна, паступальнае развіццё усіх сфераў народнай гаспадаркі і працвітанне нашай зямлі, – падкрэсліў Сяргей Віктаравіч. – І поспехаў тут маецца нямала.

Вялікае значэнне ў гэтым адыгрывае будаўніцтва жылля. Толькі за дзевяць месяцаў агульны ўвод яго па раёну склаў 10655 м2. І гэты працэс не спыняецца. Райвыканкам гатовы забяспечыць усіх жадаючых у зямельных участках для ўзвядзення індывідуальных дамоў. На цяперашні час такіх надзелаў маецца 319, распачалася рэалізацыя і праекта “Подаўж-3”, па якому прадугледжваецца яшчэ 150 участкаў для забудовы.

Кожны жыхар добра бачыць, як хутка Жыткавічы прырастаюць катэджамі і шматпавярхоўкамі. Зразумела, гэта патрабуе і паляпшэння сацыяльнай інфраструктуры. І тут таксама нямала пазітыўных зрухаў. У рэгіёне створаны неабходныя ўмовы для развіцця дзяцей і атрымання імі якаснай адукацыі. Так, 97,8 працэнта хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць дзіцячыя сады. Гэта стала магчымым, дзякуючы стварэнню педагагічных комплексаў “школа-сад” у сельскай мясцовасці, а таксама арганізацыі падвозу рабят з маланаселеных вёсак да згаданых устаноў. Станоўча на якасць адукацыі ўплывае і павышэнне прафесіяналізму педагогаў. Як вынік, паспяховае выступленне навучэнцаў Жыткаўшчыны ў інтэлектуальных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню.

Не адстае ў развіцці і сістэма аховы здароўя. Яе шырокая сетка дазваляе жыхарам атрымліваць пярвічную і спецыялізаваную медыцынскую  дапамогу на належным узроўні як у горадзе, так і на вёсцы. У галіне пастаянна ўкараняюцца новыя высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і рэабілітацыі пацыентаў, што спрыяе павелічэнню колькасці праводзімых складаных медыцынскіх умяшальніцтваў, ахопу рэабілітацыяй пацыентаў працаздольнага ўзросту пасля цяжкіх захворванняў, выкананню галіной усіх дзяржаўных сацыяльных стандартаў і іншае. Праводзіцца вялікая работа і па ўмацаванні матэрыяльнай базы лячэбных устаноў. Толькі за мінулы і бягучы гады набыты аўтамабіль хуткай дапамогі, два апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, устаноўлена пажарная сігналізацыя ў Тураўскай ГБ і аддзяленнях ЦРБ. У стадыі завяршэння знаходзіцца капітальны рамонт цэнтральнага корпуса бальніцы ў райцэнтры.

Лад жыцця здаровы

Разам з тым, здароўе людзей – гэта не толькі клопат медыкаў, але і кожнага з нас. Таму ў раёне  маецца нямала аб’ектаў для заняткаў спортам і фізкультурай.  Да паслуг насельніцтва 24 спартыўныя залы, 31 пляцоўка для гульнявых відаў, 25 прыстасаваных збудаванняў, басейны, вяслярная база. Уся гэтая немалая гаспадарка ўдасканальваецца і пастаянна прырастае новымі аб’ектамі. Нядаўна здадзена ў эксплуатацыю футбольная міні-пляцоўка на тэрыторыі СШ №3, праведзены капітальны рамонт стадыёна, басейна ў Жыткавічах. І пералік можна працягваць. Важна ў гэтай справе тое, што  дачыненне да ўзвядзення новых спартыўных збудаванняў мелі непасрэдна самі жыткаўчане, якія актыўна ўдзельнічалі ў суботніках, ахвяравалі сродкі, выконвалі іншыя работы. Агульнымі намаганнямі плануецца ажыццявіць яшчэ не адзін праект у дадзеным накірунку. У раёне вынікова працуюць дзве дзіцяча-юнацкія спартшколы. Таму арганізацыя спартыўна-масавай работы з насельніцтвам, як падкрэсліў Сяргей Агіевіч, з’яўляецца адным з ключавых фактараў прапаганды здаровага ладу жыцця і далучэння жыхароў да заняткаў фізічнай культурай і спортам.

Гаворачы пра сацыяльную інфраструктуру Жыткаўшчыны, нельга не адзначыць яе магутны турыстычны патэнцыял. Багацце рыбалоўных і паляўнічых угоддзяў, гісторыка-культурнай спадчыны, помнікаў прыроды ў сукупнасці з шырокай сеткай гасцініц, аграсядзіб, аб’ектаў грамадскага харчавання таксама спрыяюць актыўнаму і карыснаму адпачынку людзей, даюць падставу жыхарам ганарыцца сваім краем. Ёсць зацікаўленасць у гасцей і да знакавых відовішчна-культурных мерапрыемстваў, якія штогод праводзяцца ў рэгіёне.

Нам засталася спадчына

Сорак тры клубы, трыццаць шэсць бібліятэк, тры школы мастацтваў, музей, кінавідэапрадпрыемства здольныя штодзённа задавольваць духоўныя патрэбы нашых жыхароў любога ўзросту. Пры згаданых установах дзейнічаюць 409 фарміраванняў, з якіх 204 – для дзяцей. Сорак тры калектывы Жыткаўшчыны носяць званні “заслужаны”, “народны” і ўзорны”.  Шматлікія ўзнагароды, якія прывозяць ураджнцы нашага краю з міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, сведчыць аб той значнай рабоце, што ажыццяўляецца ў галіне культуры рэгіёна.

Нямала карыснай інфармацыі падчас сустрэчы данеслі педагогам пракурор раёна  Уладзімір Валохін, галоўны ўрач ЦРБ Людміла Катлярчук, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Русая, начальнік  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Туравец і іншыя. Кіраўнікі службаў адказалі і на пытанні работнікаў школы.

нам засталася спадчына

Даволі плённа працавала і інфармацыйная група, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Яе прадстаўнікі сустрэліся з калектывам КСУПа “Бялёў”. Акрамя  размовы па тэме шмат гаварылі аб бяспечных умовах пражывання. І недарэмна, бо камфортнае існаванне залежыць не толькі ад даступнасці розных выгод і задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб, але і перасцярогі ад розных неспадзяванасцей. Усё ж лічбы статыстыкі пакуль не настройваюць на аптымістычны лад. У краіне на больш як пяці тысячах пажараў загінула амаль паўтысячы чалавек. І прычына таму ў большасці выпадкаў – недаравальная неасцярожнасць грамадзян пры карыстанні агнём у быту, ігнараванне элементарных супрацьпажарнымі патрабаваннямі.

Работа інфармацыйна прапагандысцкіх груп у вышэйназваных калектывах яскрава засведчыла, што дабрабыт і росквіт нашай малой радзімы ў першую чаргу залежыць ад нашай стваральнай працы, імкнення зрабіць край яшчэ лепшым і багацейшым.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.