Стабільнасць у рабоце забяспечваюць працаўнікі грамадскіх фермаў

Стабільнасць у рабоце забяспечваюць працаўнікі грамадскіх фермаў у бягучым годзе па вытворчасці малака. За адзінаццаць месяцаў валавая вытворчасць прадукцыі ў параўнанні з леташнім перыядам павялічана на 102,5 працэнта, або на 1136,9 тоны.

За азначаны час жывёлаводы Жыткаўшчыны надаілі 46930 тон малака, у мінулым годзе — 45793,1. Сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія значна прыбавілі ў вытворчасці, сялянская гаспадарка М.Р. Шруба (123,9 працэнта), акцыянерныя таварыствы “Дзякавічы” (143), Прыазёрскае-Агра” (107,1) і “Людзяневічы” (101,2 працэнта). Ва ўсіх астатніх калектывах не здолелі па валу дабіцца мінулагодняга ўзроўню. У прыватнасці, у ААТ “Тураўшчына” (99,3 працэнта), КСУПах “Бялёў” (92,8 працэнта),  “Чырвоны Бор” (81,8) і “Коленскае” (82,9 працэнта).

Безумоўна, з кампаніі адстаючых найбольш крыўдна тураўскім аператарам машыннага даення, якія не дабралі прадукцыі ўсяго толькі 113,8 тоны.  Але ў лістападзе на мясцовых фермах намеціліся істотныя зрухі да лепшага. Па валаваму надою тут дадалі да леташняга ўзроўню 6,4 працэнта. На жаль, непакой выклікае сітуацыя з вытворчасцю малака ў сельгаспрадпрыемстве “Бялёў”. Яшчэ нядаўна перадавая ў гэтым плане гаспадарка паступова здае пазіцыі. У тым жа лістападзе тут спрацавалі толькі на ўзроўні 88,1 працэнта да мінулагодняга. Але бадай у самым незайздросным становішчы знаходзяцца працаўнікі КСУПа “Чырвоны Бор”. Тут з пачатку года аддача малочнай вытворчасці знізілася на 538,6 тоны, толькі за папярэдні месяц змінусавалі больш як на паўсотню тон. І гэтае падзенне працягваецца, 5,8 кілаграма сырадою, які атрымліваюць ад адной каровы за суткі на чырванаборскіх фермах, мала настройваюць на аптымістычны лад. Вялікі недабор прадукцыі і ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае”. У параўнанні з леташняй парой тут не даатрымалі  817,5 тоны малака. І пакуль гэтую тэндэнцыю таксама не ўдаецца пераламіць.

Адсутнасць важкіх надояў не лепшым чынам адбіваецца на рэалізацыі малака. Так, у цэлым па раёну як бы выходзіць нядрэнна. За адзінаццаць месяцаў прададзена 42458,6 тоны, на 2,3 працэнта болей леташняга, пры таварнасці 90,6 працэнта. У разрэзе ж гаспадарак пераадолець мінулагоднія паказчыкі па продажу сырадою на перапрацоўку змаглі толькі тры сельгаспрадпрыемствы рэгіёна:  сялянская гаспадарка М.Р.Шруба, акцыянерныя таварыствы “Дзякавічы” і “Прыазёрскае-Агра”.

Па прагнозах спецыялістаў райсельгасхарчу, на канец года жывёлаводы Жыткаўшчыны па надою ад каровы возьмуць планку ў пяць тон. За студзень — лістапад гэты паказчык складае 4691 кілаграм. Разам з тым у сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба прадуктыўнасць кожнай рагулі набліжаецца да дзесяці тысяч кілаграмаў. Сёлета яе на мяцовым комплексе павялічылі на 1800 кілаграмаў у параўнанні з мінулагоднім. Так бы мовіць, найлепшы прыклад для іншых вытворцаў малака. Са станоўчага боку адзначым і дзякавіцкіх аператараў машыннага даення, якія за  бягучы год прыбавілі ў аддачы ад каровы амаль на тону. Пакуль тут і невялікі згаданы паказчык — 3328 кілаграмаў, але перспектыва развіцця, якая чакае малочную жывёлагадоўлю сельгаспрадпрыемства, надае ўпэўненасці на добрыя перамены. Больш як пяць тысяч кілаграмаў ад адной рагулі ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”, у ААТ “Людзяневічы”, Прыазёрскае-Агра” і КСУПе “Бялёў” — 4453, 4204 і 4372 кілаграмы адпаведна. А вось у камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” прадуктыўнасць кароў за адзінаццаць месяцаў склала ўсяго толькі 2334 кілаграмы. Гэта на 541 меней чым было на такі ж час у папярэднім годзе.

Паказчыкі работы малочнай галіны раёна яскрава сведчаць, што ў рэгіёне маюцца гаспадаркі, дасягненнямі якіх можна ганарыцца, а ёсць сельгаспрадпрыемствы, якім неабходна як мага хутчэй падцягвацца да перадавікоў.

Гэтак жа няроўна працуюць аграрыі і па вытворчасці мяса. Вось лічбы, якія характарызуюць сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні буйной рагатай жывёлы. У сярэднім па раёну названы паказчык складае 467 грамаў, плюс 26 да мінулагодняга.  Разам з тым у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” — 374 ( плюс 123 грамы), КСУП “Бялёў” — 423 (плюс 2), ААТ “Прыазёрскае-Агра” — 532 ( мінус 5), ААТ “Людзяневічы” — 546 (мінус 50), КСУП “Чырвоны Бор” — 481 (мінус 72), КСУП “Коленскае” — 425 (мінус 68),  ААТ “Агра-Ляскавічы” — 498 (плюс 59), ААТ “Дзякавічы” — 477 (плюс 20) і сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба — 736 (плюс 29 грамаў).

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.