Тамара Грудніцкая – чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй

Таму і нядзіўна, што жыхары аграгарадка Бялёў абралі  яе дэпутатам Марохараўскага сельскага Савета.

Быць у курсе вясковых спраў Тамары Адамаўне дапамагае яе асноўная работа. Яна з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, трымае ў паселішчы невялікую гандлёвую кропку. Атаварваюцца тут практычна ўсе жыхары аграгарадка. Каб не падводзіць землякоў, Грудніцкая імкнецца запаўняць паліцы шырокім асартыментам прадуктаў  высокай якасці. Таму і перавагу на іх пастаўкі аддае беларускім вытворцам. Прываблівае пакупнікоў жанчына ўласнай ветлівасцю. Да кожнага вяскоўца ў яе асабісты падыход, таму мала-хто пакідае краму без тавару.

Сваю справу Тамара Адамаўна вельмі любіць, бо стварыла яе, так бы мовіць, з нуля. Высілкаў прыйшлося прыкласці нямала. Хаця і цяпер цяжкасцей хапае, асабліва непакоіць прадпрымальніцу нізкая плацёжаздольнасць людзей. Але разам з тым, яна цвёрда пераканана, што у сельскай мясцовасці, тым больш у іх Бялёве, можна жыць вельмі заможна. Адно патрабуецца — старанне і працавітасць. Толькі на лясных дарунках за сезон  колькі зарабіць магчыма.

— Пераехала ў аграгарадок з Пінска. Пераканаў дзядзька тут абаснавацца, — расказвае, як стала мясцовай жыхаркай, Тамара Адамаўна. — Напачатку працавала спецыялістам па нарыхтоўках у кааперацыі. Дык вось у першы год з мужам даведзены мне план па прыёму чарніц мы ўдваіх выканалі за тры дні. Самі назбіралі ў лесе і здалі. За гэтыя грошы потым добра адпачылі на марскім узбярэжжы.

Вялікае працалюбства ўласціва Грудніцкай і зараз. Яе крама працуе без выхадных і святаў. Акрамя асноўнай работы яна трымае і ўласную гаспадарку. Нават нягледзячы на такую загружанасць, хапае часу ў Тамары Адамаўна і на грамадскія справы. Яна аказвае пасільную дапамогу мясцовым установам культуры і адукацыі. Ад кіраўніцтва апошняй нават падзячны ліст мае. А яшчэ Грудніцкая, як дэпутат, актыўна супрацьстаіць заганам, якія, на жаль, яшчэ маюцца ў аграгарадку. Дзеля гэтага ў яе моцна наладжаныя стасункі з кіраўніком мясцовага сельвыканкама Генадзем Лесько.

Відавочна, жыццё вясковай прадпрымальніцы і дэпутата не з лёгкіх. Але Грудніцкая на гэта не наракае, а імкнецца сумленна і належна выконваць тыя справы, за якія бярэцца.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.