З улікам інтарэсаў людзей

На тэрыторыі Перароўскага сельскага Савета пражывае 555 жыхароў. Прыкладна трэцяя частка з іх людзі пенсійнага ўзросту. Несумненна, такая акалічнасць накладвае адбітак  на дзейнасць мясцовага сельвыканкама па вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Аб тым наколькі паспяхова ідзе работа  расказала кіраўнік мясцовай улады Інна Дарафей.

Напрыклад, вяскоўцы непакоіліся, што ў Перарове закрыты магазін спажыўкааперацыі. Цяпер, па словах Інны Сцяпанаўны, справа зрушылася з мёртвай кропкі. У прыватнасці, кіраўніцтва Лельчыцкага філіяла пачало рамонт у памяшканні. Знайшлі і прадаўца на вакантнае месца. Таму старшыня сельвыканкама ўпэўненая ў станоўчым вырашэнні пытання ў бліжэйшы час. А значыць, палепшыцца гандлёвае абслугоўванне людзей, будзе задаволены іх попыт у самых розных паўсядзённых таварах.

Не хавае радасці старшыня Савета і ад таго, што сёлета ўдалося правесці вялікую работу па добраўпарадкаванні. Яскравым прыкладам плённай супрацы вясковай улады, жыхароў, арганізацый і ўстаноў, дэпутатаў і давераных асоб стала прывядзенне ў парадак перароўскіх могілак.

– Кожны прыклаў намаганні ў святой справе. Хто не змог ахвяраваць грошы, прымалі ўдзел у суботніках, – расказвае Інна Дарафей. – Толькі адных аварыйных дрэваў на пагосце спілавалі пад сотню. Немалую дапамогу ў гэтым нам аказалі альпіністы, якіх нанялі за добраахвотныя ахвяраванні грамадзян, якія сабралі дзве  тысячы рублёў. Дарэчы, у новым годзе запланавана завяршыць  усе справы ў месцах пахавання па прывядзенню іх у належны стан. На гэта актывісты збіраюць сродкі і ў Хлупіне, і ў Перароўскім Млынку.

Ідзе праца па навядзенні парадку і ў паселішчах. Яе вясковая ўлада праводзіць таксама ў цеснай сувязі з насельніцтвам. Дзякуючы гэтаму на пустцы ля Хлупінскай установы культуры з’явілася бярозавая алея, вялікі квятнік і некалькі лавак для адпачынку. Увогуле такім чынам будуць упарадкоўвацца і іншыя пустуючыя ўчасткі. На адным з іх маюцца планы стварыць у Перарове дзіцячую пляцоўку. Усё ж летам вёска звініць ад хлапечых і дзявочых галасоў. Гэта ўнукі і праўнукі прыязджаюць на канікулы, каб на ўлонні вясковым набрацца здароўя. Таму ім будзе дзе праводзіць  вольны час з карысцю.

Збіраюцца працягваць у Савеце і работу па зносу старых занядбалых будынкаў. Як расказала Інна Сцяпанаўна, хаця іх і няшмат, бо ў ранейшыя гады многа пустуючых хат набылі пад дачы гараджане,  але ж і пакінутым развалюхам на вуліцах вёсак не месца. Па двух дамах ужо прынятае судовае рашэнне і ў наступным годзе надзелы ачысцяць, каб перадаць жадаючым пад новабудоўлі.

Безумоўна, паўсядзённая дзейнасць сельвыканкама і яго актыва гэта пастаянныя стасункі з людзьмі. Некаму патрэбна нагадаць, што пара падкасіцць расліннасць ля сядзібы і навесці чысціню, некаму і пагразіць за нядбайнасць. За год кіраўніцтва Савета выпісала васямсот прадпісанняў. Разам з тым намецілася, як адзначыла старшыня, негатыўная тэндэнцыя з некаторымі дачнікамі, якія забыліся на сваю маёмасць. Лісты з Савета, яны проста ігнаруюць, таму і мераў уздзеяння прыняць да іх немагчыма. Хаця гэта адзінкавыя выпадкі, але вобразна кажучы, лыжка дзёгцю псуе цэлую бочку мёду.

– Зразумела, што мірыцца з такімі несумленнымі гаспадарамі мы не збіраемся. Будзем шукаць кампраміс, каб паправіць становішча, – заўважае Інна Дарафей. – Пастараемся вырашаць праблему і пры падтрымцы раённых службаў.

Важным звяном у працы з насельніцтвам для Перароўскага сельвыканкама з’яўляецца назіральная камісія. Яе спецыялісты за год наведалі хаты і праверылі ўмовы жыццядзейнасці пажылых людзей, шматдзетных сем’яў, ячэек, што знаходзяцца ў асацыяльным становішчы і іншых. Вынік работы – вырашэнне праблем з электра і газазабеспячэннем. Вызначаны напрамак працы на будучае – паправіць у некаторым жыллі пячное ацяпленне.

Безумоўна, спраў у кіраўніка Перароўскага сельвыканкама заўсёды нямала. Але да кожнай з іх мясцовая ўлада падыходзіць грунтоўна, з улікам інтарэсаў насельніцтва. Менавіта ўся праца накіравана на паляпшэнне жыццядзейнасці людзей.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.