Пра надоі клопат асаблівы

Прайшоўшы год для вытворцаў малака раёна у цэлым склаўся даволі нядрэнна. Валавы надой  за азначаны перыяд склаў 51203,3 тоны, што на 1443,2 тоны або на 2,9 працэнта болей, чым мелі за 2018. На пяцьдзясят пяць кілаграмаў пацяжэў і надой ад адной каровы. У сярэднім ад кожнай грамадскай рагулі атрымана 5089 кілаграмаў малака. На жаль, працаўнікі ферм не ўсіх гаспадарак могуць пахваліцца стабільнасцю ў рабоце.

Не могуць не ўразіць леташнія здабыткі аператараў машыннага даення сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба. Тут ад кожнай каровы ўзялі па 9551 кілаграму сырадою, пры гэтым да папярэдняга года прыбаўка склала 1565 кілаграмаў. Значны рост забяспечаны і ў валавай вытворчасці, якая на мясцовым комплексе перавысіла дзесяць тысяч тон малака, дасягнуўшы 122,9 працэнта да папярэдняга года. Стабільнасцю ў працы вызначаецца і малочная галіна акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Няхай мясцовыя спецыялісты і не хапаюць зорак з неба, але трывала ўжо які год запар знаходзяцца ў ліку лепшых гаспадарак рэгіёна па акрэсленай дзейнасці.

Як і ў ранейшы час, у флагманах малочнай вытворчасці застаецца акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. Практычна кожная трэцяя тона сырадою ў агульнараённы бідон уліваецца менавіта з ферм згаданай гаспадаркі. Мінулагодні здабытак мясцовых жывёлаводаў вымяраецца 18421,3 тоны прадукцыі. Але, калі параўноўваць з пазалеташнім узроўнем, то гэта толькі 99,6 працэнта, што мелі ў 2018 годзе. Нягледзячы на нязначны спад, да гонару мясцовых спецыялістаў гаспадарка засталася ў ліку тых, дзе ад каровы надаілі больш як пяць тысяч кілаграмаў малака (5584). Чаго не скажаш пра бялёўскіх жывёлаводаў, якія не ўтрымаліся на ранейшых вытворчых рубяжах. За мінулы год прадуктыўнасць грамадскіх кароў у КСУПе “Бялёў” знізілася амаль на паўтоны. У выніку замест ранейшых пяцітонных надояў тутэйшыя рагулі аддзячылі сваім даяркам толькі 4756 кілаграмамі сырадою. Вось такая несуцяшальная арыфметыка атрымалася. Прычым, не толькі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве. Здалі, і даволі сур’ёзна, уласныя пазіцыі ў малочнай вытворчасці працаўнікі КСУПа “Коленскае”, а таксама КСУПа “Чырвоны Бор”. У першай гаспадарцы здолелі выйсці толькі на 3751 кілаграм з мінусам у 810 кг (мелі прадуктыўнасць статка ў чатыры з паловай тоны), а ў другой – усяго на 2507 з  адкатам у 638 кілаграмаў. Несумненна,  з такімі “дасягненнямі” па росту валавых паказчыкаў знаходзяцца, вобразна кажучы, у хвасце раёна. Да пазалеташняга ўзроўню тут атрымана толькі 85 і 80 працэнтаў малака.

Радуе мінулагодняя дзейнасць аператараў малочнатаварных фермаў акцыянерных таварыстваў “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы”. У кожнай з пералічаных гаспадарак здолелі значна прыбавіць і па валу, і па аддачы ў разліку на карову. У прыватнасці, па ААТ “Прыазёрскае-Агра” павелічэнне прадуктыўнасці адной рагулі склала за прайшоўшы год 334 кілаграмы, а ў ААТ “Дзякавічы” – 1108. На 8,8 і 146,6 працэнта адпаведна вырас у гэтых гаспадарках валавы надой. Цяпер вышэйзгаданыя гаспадаркі па ключавых паказчыках работы малочнай галіны не саступаюць тым жа КСУПам “Коленскае” і “Бялёў”, а камунальнае сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор”, так бы мовіць, увогуле заткнулі за пояс.

Безумоўна, агляд работы малочнай жывёлагадоўлі ў зрэзе гаспадарак дае падставы меркаваць, што атрыманыя паказчыкі ў многім залежаць ад арганізаванасці, стану тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны на месцах. І там, дзе гэта разумеюць, імкнуцца своечасова выпраўляць дапушчаныя хібы, справы пераходзяць у стваральнае рэчышча. І пацверджаннем таму з’яўляецца пачатак бягучага месяца. Зноў жа, калі ў цэлым малочная галіна раёна забяспечвае устойлівы тэмп роста па вытворчасці сырадою, то ў КСУПах “Бялёў” і “Чырвоны Бор” назіраецца чарговы адкат нават з тых пазіцый, якія меліся. Відавочна, каціцца ўніз заўсёды значна прасцей і лягчэй, чым узнімацца ўверх. Але да гэтага пакуль жывёлаводам згаданых гаспадарак шлях няблізкі. Найперш варта прыпыніць падзенне надояў і зрабіць усё прыйдзецца ўласнаручна, праз сваю працавітасць і стараннасць. Калі гаспадарка прадае перапрацоўшчыкам малака за год крыху больш за дзве тысячы тон, а іншыя ў некалькі разоў пераўзыходзяць такі паказчык – гэта не проста неаднолькавыя  лічбы, а і зусім розныя эканомікі.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.