Аўтарытэт — вынік старання

У вёсцы Юркевічы Валянціну Бобрык ведаюць як чалавека актыўнага і ініцыятыўнага.

Дзякуючы гэтай жанчыне ў згаданым паселішчы яго жыхары не адну добрую справу на карысць малой радзімы ажыццявілі.  Быць неабыякавым да таго, што цябе акружае, — вось той прынцып, які дапамагае Валянціне Дзянісаўне паспяхова займацца грамадскай дзейнасцю.

Сапраўды, запалу ёй не займаць. Адзін толькі пералік грамадскіх пасад, якія мае жанчына, чаго варты. Яна член мясцовага сельвыканкама, грамадскага пункта аховы правапарадку, стараста вёскі, старшыня ветэранскай пярвічкі. І да кожнага з пералічаных абавязкаў ставіцца вельмі адказна.

Быць з людзьмі і працаваць для людзей. Гэтым жыццёвым прынцыпам Валянціна Бобрык кіруецца яшчэ з маладосці. Лёс не песціў яе. Родам з Тураўшчыны. Рана страціла бацьку. Таму пасля заканчэння школы, калі перад дзяўчынай паўстала пытанне, працягваць вучобу далей або ісці працаваць, выбрала апошняе. Разумела, што не па сілах будзе маці дапамагаць ёй і гадаваць іншых дзяцей. Па накіраванні раённага аддзела адукацыі  прыйшла ў Юркевіцкую школу піянерважатай. На гэтай пасадзе затрымалася на чвэрць стагоддзя. Яе кіпучай энергіі хапала не толькі на асноўную дзейнасць, але і вучобу ў інстытуце. Атрымаўшы дыплом ВНУ, стала  выкладаць у пачатковых класах. Педстаж  Валянціны Дзянісаўны вымяраецца 48 гадамі. У Юркевічах выйшла замуж. Вось так і  прыжылася ў паселішчы.

Цяпер Бобрык з’яўляецца першым памочнікам у кіраўніка сельвыканкама. Прычым, не толькі дапамагае вырашаць розныя пытанні жыццядзейнасці на адміністрацыйнай тэрыторыі, але і актыўна выкараняць шматлікія  асацыяльныя праявы.

— На жаль, лад жыцця некаторых вяскоўцаў зусім далёкі ад агульнапрынятых чалавечых нормаў, — канстатуе Валянціна Дзянісаўна. — Злоўжыванне спіртным, на аснове гэтага сваркі ў сем’ях,  нежаданне працаваць, выхоўваць і даглядаць належна ўласных дзяцей — гэта той бок людскога існавання, які патрабуе ад улады і грамадскасці пастаяннага кантролю і вычарпальных прафілактычных захадаў, каб дапамагчы трапіўшым у бяду вяскоўцам пераадолець узнікшыя складанасці. Менавіта на гэта і скіравана работа пункта аховы правапарадку пры сельсавеце.

Зараз у ім налічваецца шэсць чалавек. Акрамя кіраўніка сельвыканкама і ўчастковага, усе астатнія члены з’яўляюцца грамадскімі актывістамі. На сваіх пасяджэннях, а яны праводзяцца рэгулярна, дэталёва разглядаюць кожны нетыповы выпадак вясковага быту. Прычым, камісія імкнецца не проста паўшчуваць і папярэдзіць, але і дзейсна паўплываць на паводзіны чалавека, перамяніць іх да лепшага. Канечне, не ўсё атрымліваецца адразу, толькі і кропля вады камень точыць. Менавіта дзякуючы рабоце грамадскага пункта аховы правапарадку ўдалося ўладкаваць на працу некалькі чалавек, нехта змяніў свае паводзіны ў адносінах да сямейных каштоўнасцей і інш.

Грамадская праца актывіста Валянціны Бобрык адзначана мноствам ганаровых грамат і дыпломаў абласнога і раённага ўзроўню.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.