Быць абаронцам ганарова

Супрацоўнікамі Жыткавіцкага раённага ваеннага камісарыята ў гэтыя дні праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа з выпускнікамі школ. Нядаўна такая сустрэча ладзілася са старшакласнікамі навучальных устаноў Турава. На мерапрыемства прыйшлі не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Падчас яго зроблены чарговы крок па павышэнню статуса ваеннаслужачага і прэстыжа вайсковай службы.

Гэтаму ў многім спрыялі выступленні гасцей. У ліку іх старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, ветэран узброеных сіл Рыгор Бастун, ваенны камісар раёна Вячаслаў Гарошка. У сваіх прамовах кожны з іх зрабіў акцэнт на важнасці армейскай службы для кожнага грамадзяніна і беларускага народа ў цэлым.  Вайсковыя будні загартоўваюць дух і характары, робяць юнакоў сапраўднымі мужчынамі, фарміруюць патрыятызм і любоў да радзімы, вучаць бараніць яе ад ворагаў. А гэта самы пачэсны і ганаровы абавязак для беларусаў. Прысутныя пераканаліся ў тым падчас прагляду відэаролікаў, у якіх дэманстравалася вывучка беларускіх спецназаўцаў. Па словах старшыні райсавета Уладзіміра Куляша, асвоіць армейскую навуку па сілах кожнаму прызыўніку, было б толькі жаданне.  Пра службу ў свае маладыя гады рабятам падрабязна расказаў Рыгор Бастун. Ён адзначыў, што выконваць вайсковы абавязак было намнога складаней чым зараз. Пры савецкім часе ваеннаслужбоўцы прымалі ўдзел у розных ваенных канфліктах, дзе гінулі, атрымлівалі раненні, але разам з тым заставаліся вернымі прысязе. Цяпер служаць беларусы пад мірным небам і павінны адстойваць яго пры любых умовах, а для гэтага патрэбна мець дасканалыя ваенныя веды, якія можа даць толькі армія і спецыялізаваныя навучальныя ўстановы.

Ваенны камісар раёна Вячаслаў Гарошка падрабязна расказаў аб адной з іх – Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, якая  не адзін год з’яўляецца кузняй афіцэрскіх кадраў для беларускай арміі.

– Вучыцца ў гэтай установе ганарова, –адзначыў Вячаслаў Леанідавіч. – Пераваг вельмі шмат: павышаная стыпендыя, сацыяльная абароненасць, запатрабаваныя прафесіі не толькі ў арміі, але і ў цывільным жыцці,  гарантаванае першае месца працы і іншае.

Спыніўся ваенны камісар і на змяненнях у заканадаўстве, якія павышаюць сацыяльную абароненасць грамадзян, што праходзяць тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве. Варта канстатаваць,  гэтыя меры, зацверджаныя ў Міністэрстве абароны краіны, падтрыманыя кіраўніком нашай дзяржавы і паслядоўна рэалізуюцца, пры садзейнічанні Указа №10 ад 10 лютага бягучага года.  Што ж прадугледжваецца:

– тэрмін вайсковай службы ўключаны ў страхавы працоўны стаж для налічэння пенсіі;

– члены сям’і грамадзян, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу, маюць права на гэты перыяд карыстацца інтэрнатам, прадастаўленым работадаўцам;

– адслужыўшыя ў арміі грамадзяне па рэкамендацыі вайсковай часці на атрыманне вышэйшай адукацыі і з балам атэстата не ніжэй шасцёркі маюць права навучацца на падрыхтоўчых факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі пры ВНУ і  ССУ за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў;

– таксама звольненыя ў запас ваеннаслужбоўцы пасля заканчэння навучальных устаноў пры размеркаванні  маюць права  першачарговага выбару месца працы.

У Жыллёвым кодэксе за адслужыўшымі ў арміі грамадзянамі, якія атрымліваюць вышэйшую і сярэдне-спецыяльную адукацыю, замацавана права на першачарговае атрыманне месца ў інтэрнаце. У Працоўным кодэксе занатавана  норма, што чалавек, адслужыўшы ў арміі, на працягу трох месяцаў можа вярнуцца на ранейшае месца работы, дзе працаваў да прызыву. Гэтае права захоўваецца ў дачыненні наймальнікаў незалежна ад формы ўласнасці. Раней яно тычылася толькі дзяржаўных прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, новаўвядзенне закранае і звальненне работніка ў сувязі з дабраахвотным паступленнем яго на службу па кантракту.

Візіт у Тураў спецыялістаў райваенкамата не абмежаваўся прафарыентацыйнай дзейнасцю. З нагоды Дня абаронцаў Айчыны яны завіталі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Блоцкага і былых воінаў-інтэрнацыяналістаў Уладзіміра Матараса і Анатоля Матаха і павіншавалі іх з надыходзячым святам.  Усім уручылі падарункі, а апошняму яшчэ і юбілейны медаль. Дарэчы, шэфствуюць работнікі камісарыята над згаданымі  людзьмі па ўласнай ініцыятыве і не першы год. Такому яскраваму пачуццю вайсковага братэрства вучыць армія, што і варта для пераймання моладдзю.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.