Спецыялісты па абслугоўванні і эксплуатацыі даільнага абсталявання прайшлі курс навучання

У вытворчым працэсе атрымання малака нямала залежыць ад граматнай дзейнасці слесараў па абслугоўванні і эксплуатацыі даільнага абсталявання.  Днямі спецыялісты  гэтага профілю з усіх грамадскіх фермаў раёна прайшлі курс навучання.

Мерапрыемства ладзілася на новым малочнатаварным комплексе “Коленскае” аднайменнага сельгаспрадпрыемства. Заняткі мелі не толькі тэарэтычную, але і практычную накіраванасць. Гэтаму садзейнічалі спецыялісты райсельгасхарчу, цэнтра падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, акцыянерных таварыстваў “Жыткавіцкі агратэхсервіс” і “Гомельагракамплект”. Менавіта яны і давялі  працаўнікам гаспадарак непасрэдна на іх рабочым месцы ўсе тонкасці справы, якой першыя займаюцца ў паўсядзённай дзейнасці.

Асноўныя яе аспекты: забеспячэнне неабходных параметраў ціску ў вакумных помпах пры даенні,  кантроль за станам абсталявання, прамыўка сістэмы пасля заканчэння работы, перыядычнасць прымянення мыючых сродкаў, своечасовасць выяўлення зношанасці і замена соскавай гумы і многае іншае.

Адным словам, удзельнікі заняткаў абнавілі ўласныя веды, каб на фермах і малако атрымліваць высокай якасці, і статак засцерагчы ад захворванняў.  Раўнадушных падчас вучобы не было, аб чым  сведчылі шматлікія пытанні, на якія ад спецыялістаў вышэйзгаданых устаноў атрымлівалі змястоўныя адказы, і актыўны абмен вопытам.

Сяргей БЕЛКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.