Той час не змарнаваны, калі што добрае зрабіў

Ён мае больш за пяцьдзясят пяць гадоў працоўнага стажу і дагэтуль імкнецца быць карысным грамадству. Але, напэўна, не так важна, якую пасаду займае чалавек. Галоўнае, па якой формуле ён жыве сярод людзей, якімі думкамі багатая яго душа. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі адам купрацэвіч напярэдадні ўласнага юбілею расказаў пра фірмовы стыль кіраўніцтва, каханне з першага погляду і свой ідэальны дзень.

Той час не змарнаваны, калі што добрае зрабіў

Праца як паветра

Кожную раніцу гэты рухавы з іскрынкамі ў блакітных вачах мужчына з задавальненнем адчыняе дзверы свайго кабінета. І асаблівага сакрэту тут няма: яго чакае любімая работа, стасункі са шматлікімі наведвальнікамі, унікненне ў самыя розныя пытанні, што тычацца старэйшага пакалення. Дапамагчы і падтрымаць кожнага, хто мае ў тым патрэбу, — яго абавязак. Прафесійны і чалавечы.

Адам Прохаравіч ужо даўно мог бы пачываць, як кажуць, на лаўрах, але праца для яго як паветра. Пра сябе не без жарту кажа: ён з тых пенсіянераў, што паміраюць стоячы. А яшчэ, нагадвае, ёсць “разведчыкі”, што седзячы на лаўках, сочаць за суседзямі. Праз напісанне скаргаў у розныя інстанцыі рэалізуюць сябе “народныя мсціўцы”. І апошняя катэгорыя называецца “зняволеныя”, якіх дзеці саджаюць няньчыць унукаў. Гледзячы на яго, разумееш, што над аптымістамі ўзрост не падуладны. Што б ні здарылася, падаць духам нельга — важнае правіла жыцця.

Рана дарослелі

Хаця лёс нашага героя не песціў. Ён нарадзіўся за тры месяцы да Перамогі ў вялікай пухавіцкай сям’і другім з пяці дзяцей калгаснага будаўніка Прохара Адамавіча, камісаванага па стану здароўя пасля фінскай вайны, і палявода-стаханаўкі Агрыпіны Пятроўны. Без крыўды на абставіны прызнаецца, як малечай крышку зайздросціў суседчынаму адзінаму ўнуку, якому бабуля часта купляла цукеркі-падушачкі. А ў іхняй хаце белы хлеб не заўжды бываў на стале ўдосталь. Самы цёплы ўспамін дзяцінства звязаны не са свавольствамі ці гульнямі. На канікулах з пятага класа Адам паводзіў коні, у сёмым ставаў па-мужчынску за плуг, а пятнаццацігадовым у якасці памочніка камбайнёра ўбіраў калгасны хлеб. І сваёй запатрабаванасцю быў па-сапраўднаму шчаслівы. А яшчэ яго пакаленне шкадавала за позняе нараджэнне, бо не выпала біць фашыстаў, як вясковым франтавікам, іх успаміны дзеці слухалі, тоячы дыханне.

Прафесійныя рубяжы 

Першы самастойны рубель Адам Купрацэвіч зарабіў пасля школы ў мясцовай гаспадарцы, дзе год працаваў пасля няўдалай спробы паступлення ў мараходку. Потым яго паклікалі загадваць вясковым клубам, і тут хлопец зразумеў: трэба вучыцца. Дырэктар школы параіў пайсці на курсы настаўнікаў пачатковых класаў. У Вятчыне і родных Пухавічах малады настаўнік выкладаў амаль усе прадметы. Вучням сукупна ён прысвяціў 14 гадоў, атрымаўшы завочна вышэйшую адукацыю — спачатку па сваёй спецыяльнасці, а потым яшчэ і на гістарычным факультэце.

Амаль такі ж па працягласці жыццёвы і кар’ерны этап Адама Прохаравіча быў звязаны з райкамам партыі, дзе ён спачатку займаўся агітацыяй і прапагандай, потым палітасветай, а перад роспускам КПСС узначальваў партыйную камісію.

— У аддзел культуры я трапіў выпадкова, — гартае старонкі біяграфіі субяседнік. — Мае папярэднікі доўга не затрымліваліся, да таго ж і я свае кіраўніцкія здольнасці ацэньваў сціпла. Думаў, на кароткі час, пакуль знойдзецца месца ў школе, а выйшла, што затрымаўся аж на 18 гадоў.

Прыйшлося па крупіцах спасцігаць навуку кіравання праз уласны вопыт. Юбіляр не хавае, што напачатку яму перашкаджаў залішне мяккі характар, чым падначаленыя часцяком карысталіся. Пакуль адна сітуацыя не закранула амбіцыйнасць мужчыны, даўшы выклік уласнаму самалюбству — няўжо не спраўлюся? І пасля ўсё пакрысе пачало наладжвацца, фарміраваўся ўласны стыль службовых адносін — паважлівы і адначасова патрабавальны. Апошняе ў поўнай меры тычылася і самога сябе.

Між тым, у пачатку 90-ых галіна знаходзілася ў незайздросным стане. Да ідэалагічнага разброду дадаваўся татальны дэфіцыт, пустуючыя склады, дзіравыя дахі клубаў і праблемы з ацяпленнем. У штаце 125 устаноў знаходзілася паўтысячы чалавек, якім трэба было карміць свае сем’і. Начальнік аддзела закасаў рукавы. Наш раён адзін з першых пачаў рамантаваць клубы так званым гаспадарчым спосабам, захады па фінансавай аптымізацыі дазвалялі знаходзіць сродкі на добраўпарадкаванне тэрыторый, паляпшэнне матэрыяльнай базы. Расла і папулярнасць мастацкай самадзейнасці. Адам Прохаравіч прымаў культуру з сямю народнымі калектывамі, а складаў паўнамоцтвы, калі іх стала 33. Як вынік, наш аддзел двойчы займаў першае месца ў вобласці.

 У сямейным коле

Азіраючыся назад, здаецца, імяніннік і сам не верыць, як хутка ляціць час. Ён паспяхова справіўся з вядомай жыццёвай праграмай пра дом, дрэва і сына. Нават перавыканаў яе са значным запасам. Не злічыць, колькі бярозак, клёнаў ды яблынь укараніў на суботніках ды ва ўласным садзе. Пры яго непасрэдным удзеле пабудавана не адно жыллё для родных людзей, любімая дача. Рукі ў чалавека залатыя. Ён выдатны бацька для дзяцей Жанны і Ігара, якімі ганарыцца. А таксама аўтарытэтны дзед чатырох унукаў і праўнука — не звядзецца род. Каханне з першага погляду перарасло ў 40-гадовы моцны шлюб. На жаль, жонка Юлія Ільінічна заўчасна пайшла з жыцця. І боль страты нельга заглушыць.

Апошняе дзесяцігоддзе Адам Прохаравіч узначальвае ветэранскую арганізацыю, якая сёння аб’ядноўвае звыш 8 тысяч чалавек. І не перастае здзіўляцца сваім старэйшым “калегам”, якія ў шаноўным узросце прытрымліваюцца правіла: пакуль будзем рухацца, жыццё нас будзе слухацца.

Слова пра юбіляра

Дачка Жанна Кучыц:

— Тата для нас з братам — сапраўдны ўзор бацькоўства. Ён у многім замяніў нам маму. Іншы раз і не згаджаешся з яго пазіцыяй, але праз час вымушаны прызнаць, што ён быў правы. Да яго не трэба ісці з праблемай, нейкім чынам адчувае яе сам і спяшаецца падтрымаць. Ніколі не забуду, як прапанаваў забраць да сябе маю старэйшую двухмесячную дачку, пакуль атрымаю дыплом. Яны з мамай выгадавалі Юлю, не пакідаючы працы.

Загадчык філіяла Тураўскай дзіцячай школы мастацтваў

агр. Верасніца Рыгор Казак:

— За справай Адам Прохаравіч бачыў чалавека. Справядлівы кіраўнік, нікога безпадстаўна не крыўдзіў і не караў. Лічу яго моцным гаспадарнікам, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё культурнай галіны раёна. Асабліва юбіляр мне запомніўся сваімі патрабаваннямі па навядзенні парадку. Каля кожнай установы павінны былі красавацца клумбы.

 

Святлана Шакалян

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.