АРТЫСТЫЧНАЯ ПЯЦЁРКА І ЖУРЫ

Гэтых імпазантных, энергічных джэнтльменаў язык не паварочваецца назваць пажылымі. Як сцвярджаў адзін вядомы мультперсанаж, яны яшчэ мужчыны ў поўным росквіце сіл. Што, дарэчы, і падцвердзіў конкурс “супердзядуля”. Такую праграму з нагоды дня абаронцаў айчыны ўпершыню зладзілі на святочным пасяджэнні народнага клуба гцк “святліца”.

Хаця, па словах яго кіраўніка Таццяны Яўлаш, вызначыцца з удзельнікамі было няпроста. Калі б не дзейсная дапамога ветэранскіх арганізацый ды раённага аб’яднання прафсаюзаў, шоў наўрад ці адбылося б. Моцны пол наш няхай і адважны, але разам з тым і дужа сціплы. Далёка не кожны яго прадстаўнік наважыцца выйсці на публіку, а яны, адрынуўшы хваляванне і заручыўшыся падтрымкаю сваіх сем’яў і сяброў, выдатна справіліся з задачай – і сябе павесялілі, і іншым добры настрой стварылі.

Якіх толькі іспытаў не падрыхтавалі мужчынам арганізатары конкурсу! На шляху да перамогі тыя пераадолелі не адзін этап. Акрамя самапрэзентацыі і дэманстрацыі ўласных хобі, яны танчылі вальс, складалі пазлы, шукалі адказы на дзіцячыя загадкі, у вобразе розных жывёл спявалі калыханкі і спаборнічалі ў дакладным кіданні кольцаў. Думаю, для гледачоў многія адкрыліся з іншага боку, як сапраўдныя героі і неаспрэчныя таленты. Гэта было бачна па шчырых усмешках публікі і яе гарачых авацыях.

У “Святліцы” ўмеюць адпачываць змястоўна і цікава. Час праляцеў у забавах незаўважна. І вось ужо журы пад старшынствам Уладзіміра Гулюты агучвае вынікі. Без ганаровых тытулаў не застаўся ні адзін канкурсант. Самым спартыўным дзедам прызналі Фёдара Каралёва, які працуе на хлебнай базе, мае вялікі стаж у лясной гаспадарцы, з ахвотай апранае касцюм Дзеда Мароза ці каляднай Казы і прытрымліваецца актыўнага ладу жыцця. Статус самага музычнага дзеда атрымаў Алег Старажэнка. Усё жыццё ён прысвяціў педагогіцы, а зараз служыць у галіне культуры, вакаліст і гарманіст, без якога ў горадзе не абыходзіцца ні адзін канцэрт. Стужкай з надпісам “Самы ўнучаты дзед” перавязалі Уладзіміра Кохну. У дзяцей гэтага таварысцкага вясяльчака ажно восем нашчадкаў, свае сілы і вопыт ён аддае камунгасу, мае залатыя рукі па будаўнічай частцы. Дзедам-штукаром (затейником) палічылі Леаніда Юхневіча. Былы ракетчык з дваццацігадовым стажам на заслужаны адпачынак пайшоў з гаргазу, ганарыцца сынам і дачкою, зарэкамендаваў сябе як выдатны чытальнік. Ну і нарэшце вырашылася асноўная інтрыга. Пераможцам шоў стаў Уладзімір Прыбалавец. Сімвалічна, што ўладальнік галоўнага звання “СуперДзядуля” быў першым дырэктарам толькі што пабудаванага ў Жыткавічах ДК. А шчыраваў ён аднолькава плённа і на культурнай ніве, і на лясной. Прафесійны харэограф і дагэтуль выдатна рухаецца пад музыку і мае добры голас. Усе канкурсанты сталі сапраўдным упрыгажэннем вечырыны, якая па традыцыі завяршылася танцавальнай праграмай.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.