Малочнай справе – прыбаўку

Малако на цяперашні час з’яўляецца істотнай крыніцай паступлення выручкі для сельгасвытворцаў. Як атрымліваць гэтай прадукцыі болей і высокай якасцю, ішла размова на семінары ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Бялёў”. Удзел у ім прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка і яго першы намеснік Мікалай П’яўко, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, а таксама раённых службаў.

Вывучэнне стану спраў у галіне распачалося з наведвання бялёўскай малочнатаварнай фермы. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Талмачовец падрабязна расказаў аб структурным падраздзяленні, тых здабытках, якія атрымліваюць яго працаўнікі. Было добра бачна, што да сустрэчы калег у гаспадарцы рыхтаваліся: усюды панаваў парадак, жывёла была накормленая і падасланая. Дзякуючы сумеснай працы з сялянскай гаспадаркай М.Р. Шруба ўдалося назапасіць дастатак травяністага фуражу, чаго не мелі ў мінулыя гады. Такая акалічнасць дазваляе мясцовым спецыялістам  падыходзіць да працэсу кармлення дыферэнцыравана, калі кожная група жывёлы атрымлівае свой рацыён. У гэтым удзельнікі семінару пераканаліся ўжо ў першым памяшканні, дзе ўтрымліваюцца сухастойныя каровы і цялушкі. Вялікім плюсам у справе ўзнаўлення дойнага грамадскага статка з’яўляецца тое, што ў гаспадарцы наладжана штучнае асемяненне матачнага пагалоўя. Менавіта такі падыход станоўча ўплывае на прадуктыўнасць. Канечне, ад асемянення да вырошчвання дойнай каровы перыяд не такі і малы, таму кожны яго этап патрабуе адпаведных тэхналагічных захадаў, каб жывёліна вырасла здаровай і дала належную аддачу. І спецыялісты КСУПа “Бялёў” імкнуцца прытрымлівацца гэтых патрабаванняў. Як вынік, у лютым выйшлі на даволі значныя прывагі па вырошчванні маладнячку. Па некаторых групах яны перавысілі кілаграм. А ўсё чаму? Перамянілася стаўленне. Тых жа нованароджаных цялят сталі даглядаць  найбольш спрактыкаваныя і адказныя работніцы. У рацыён цялушак увялі камбікармы, пабольшала дысцыплінаванасці і на іншых участках тэхналагічнага ланцуга. Адным словам, жывёлагадоўля гаспадаркі пачала паціху пазбаўляцца тых хібаў, якія дапускаліся яшчэ два месяцы назад. І гэта не засталося незаўважаным калегамі і кіраўніцтвам раёна.

Канечне, як было сказана, гэта яшчэ не той узровень, на якім павінен працаваць калектыў сельгаспрадпрыемства, але тое, што паказалі, сведчыць – бялёўскія жывёлаводы рухаюцца ў правільным накірунку. Не меньшае значэнне прысутныя ўдзялілі не толькі арганізацыі вытворчасці, але і ўзаемадзеянню гаспадарак і агратэхсервіса па наладцы фермскага абсталявання. Па словах кіраўніка апошняга прадпрыемства Аляксандра Швяца, абслугоўванне даільных установак ідзе пастаянна і строга па графіку, што адыгрывае істотную ролю ў павышэнні надояў і  іх якасці, а таксама дазваляе пазбягаць захворвання кароў.

На падвядзенні вынікаў семінару прааналізавалі дзейнасць жывёлаводаў за два месяцы бягучага года. Як зазначыла ў сваім выступленні загадчык сектара райсельгасхарчу Таццяна Стральчэня, у цэлым галіна рэгіёна спрацавала нядрэнна. У прыватнасці, за студзень-люты надоена 8469,2 тоны  малака, што на 11,6  працэнта больш за леташні паказчык. На 82 кілаграмы пацяжэў і надой ад каровы, які склаў 849 кілаграмаў. На жаль, як заўважыла Таццяна Канстанцінаўна,  на агульны поспех паўплывала дзейнасць толькі некаторых гаспадарак. У ліку такіх:  акцыянерныя таварыствы “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра”, “Дзякавічы, камунальнае сельгаспрадпрыемства “Коленскае” і сялянская гаспадарка М.Р. Шруба, дзе здолелі прыбавіць ад дзесяці да болей як двухсот працэнтаў прадукцыі. У той жа час КСУПы “Бялёў”, “Чырвоны Бор”, ААТ “Людзяневічы” дапусцілі спад у вытворчасці. Асабліва вялікі недабор атрымаўся ў чырванаборцаў. Несумненна, зыходзячы з дасягнутага, перад сельгасвытворцамі пастаўлены і канкрэтныя задачы па выпраўленні становішча. Няроўна спрацавалі і па вырошчванню  жывёлы. І прычына гэтага, як паказвае практыка, навідавоку – недастае фуражу, дапускаюцца парушэнні тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны. Праўда, у некаторых з адстаючых апошнім часам намеціліся станоўчыя тэндэнцыі, як гэта ўсе ўбачылі ў КСУПе “Бялёў”.

Галоўны ветэрынарны ўрач райветстанцыі Сяргей Ярмош і галоўны заатэхнік-селекцыянер філіяла абласного племпрадпрыемства Валянціна Гуд дэталёва прааналізавалі справы з падзяжом і невытворчым выбыццём грамадскай жывёлы, а таксама работу па ўзнаўленню статка.  У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў і ў гэтых сферах дзейнасці ёсць што папраўляць.

Кіраўніцтвам рэгіёна пры падвядзенні вынікаў семінару красамоўна заўважана, што наяўныя хібы неабходна выкараняць з практыкі і ствараць трывалую аснову на будучае. Асабліва гэта тычыцца кормавытворчасці.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.