Таленты і прыхільнікі

Дагэтуль не сціхаюць эмоцыі, выкліканыя конкурсам аматараў-кандытараў, які арганізавалі з нагоды жаночага дня ў Тураўскай гарадской бальніцы.

Такім нязвыклым чынам свята тут адзначылі ўпершыню. Ідэю, ініцыяваную мясцовым прафсаюзам, з ахвотай падтрымаў калектыў. Свае кухарскія здольнасці прадэманстравалі паўтара дзясятка чалавек. Многія з удзельнікаў адкрыліся калегам з невядомага боку – як сапраўдныя таленты. Ад смакаты, прыгатаванай іх рукамі, літаральна разбягаліся вочы. Дражджавое і пясочнае цеста, адмысловыя начынкі і рознае афармленне – выстава атрымалася не горш за прафесійную. Аўтар кожнага шэдэўра атрымаў прыз у якой-небудзь намінацыі. А потым адбылася калектыўная дэгустацыя. Конкурс засведчыў, што медыкі ўмеюць не толькі ратаваць здароўе, а і быць выдатнымі гаспадынямі, пяшчотнымі і мілымі жанчынамі.

Дарэчы, тураўская пярвічка не забываецца і пра сваіх ветэранаў працы. На мужчынскае свята ў цэнтры ўвагі разам з нешматлікімі прадстаўнікамі моцнай паловы аказалася і былая акушэрка бальніцы Анастасія Белка, якой 23 лютага споўнілася 90 гадоў. Юбілярку праведалі дома прафсаюзны лідар Ірына Хмялеўская, загадчык установы Валянціна Галец і старшая медсястра Людміла Канапліцкая. Усё жыццё Анастасія Сямёнаўна прысвяціла самай высокароднай справе, дапамагаючы з’яўленню чалавека на свет. Можна толькі здагадвацца, колькі маленькіх тураўчан прынялі яе рукі. Імянінніца не хавала ўдзячнасці, што пра яе помняць.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.