З музыкай па жыцці

Чалавек… Для чаго жыве ён на зямлі? Адказаць на гэтае пытанне цяжка. Але кожны, безумоўна, разумее, што нельга жыць без дабрыні, спагады, любові да бліжняга. Да такога рашэння прыйшоў аднойчы герой  трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” Андрэй Лабановіч: “Чалавек павінен жыць дзеля дабра, ён павінен быць карысным людзям”.

Аддаць свой талент, свае ўменні, сваю любоў дзецям – такога дэвізу ў сваёй прафесійнай дзейнасці прытрымліваецца гэты Педагог, Жанчына, Чалавек – Тамара Пятроўна Саўчыц.

Нарадзілася Тамара Пятроўна ў шматдзетнай сям’і. Бацька – ветэран Вялікай Айчыннай вайны – працаваў у МТС, сельгастэхніцы. Маці займалася хатняй гаспадаркай, на ёй ляжаў клопат аб выхаванні  чацвярых падлеткаў. Пасляваеннае жыццё было нялёгкім, але бацькі імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям.  У будучым усе чацвёра сталі  дастойнымі, адказнымі  работнікамі ў сваёй сферы. Тамара Пятроўна, самая малодшая – музычным кіраўніком.

– Колькі памятаю сябе, заўсёды ў маім жыцці была музыка, песня, – дзеліцца ўспамінамі настаўніца. – Яшчэ калі вучылася ў школе, выступала на канцэртах. Потым мяне запрасілі ў агітбрыгаду раённага Дома культуры. Ні адно мерапрыемства не праходзіла без майго  ўдзелу.

Сапраўды, слухаючы песні ў выкананні Тамары Пятроўны, міжволі захапляешся яе чароўным голасам.

Як успамінае сама настаўніца, у асноўным займалася вакалам, а яшчэ ёй так хацелася авалодаць ігрой на піяніна. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю згадвае яна сваіх бацькоў, якія, бачачы цягу дачкі да музыкі, набылі баян. Ён, па праўдзе,  быў не новы. Але колькі радасці – мець свой інструмент, хоць і не піяніна!.. Так дзяўчынка самастойна авалодала ігрой на баяне. Потым быў і акардэон, і піяніна…

Пасля заканчэння школы  паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча імя М.Ф. Сакалоўскага па класу харавое дырыжыраванне. Затым была праца ў музычных школах Гомельшчыны, у дзіцячым садку в. Людзяневічы, Людзяневіцкай сярэдняй школе.

– Калі выйшла на пенсію, вельмі сумавала, – гаворыць Тамара Пятроўна. – Хацелася  к  дзецям. Адчувала, што мой вопыт, мае веды і здольнасці могуць і павінны прыносіць карысць. Таму з вялікай радасцю і ўдзячнасцю прыняла прапанову папрацаваць у суседняй базавай школе.

І вось ужо 12 гадоў Тамара Пятроўна шчыруе ў Браніслаўскім дзіцячым садзе-базавай школе музычным кіраўніком, настаўнікам музыкі, нейкі час узначальвала фальклорны гурток. Са з’яўленнем гэтага педагога ва ўстанове адукацыі якасць, як школьных мерапрыемстваў, так і дзіцячага садка набыла, як  кажуць, “новае гучанне”.  Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць урокі музыкі, вакальны і танцавальны  гурткі. Настаўніца разам са сваімі выхаванцамі рыхтуе  каляндарна-абрадавыя святы, кірмашы. Каляды, Масленіца, Купалле, Багач – шмат цікавага дазналіся дзеці пра гэтыя абрады, ўдзельнічая ў святкаваннях. Часта са сваімі выхаванцамі прымае ўдзел у раённых конкурсах, займае прызавыя месцы. Былі пераможцамі раённых фестываляў дзіцячай творчасці “Зорны дождж”, фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”, дзе занялі  першае месца.

Сёння работа ў школе патрабуе  шмат ведаў, сіл, энергіі. Часам даводзіцца адкласці  нейкія дамашнія справы, каб падрыхтваць цікавую прэзентацыю да ўрока, знайсці відэафільм. Сучаснаму настаўніку трэба дасканала валодаць ІКТ, каб прымяняць на ўроку, быць цікавым для  сучасных дзяцей. Тамара Пятроўна ў сваім шаноўным узросце добра валодае ІКТ, прымяняе іх на ўроках музыкі, на занятках у дзіцячым садку. Сама распрацоўвае сцэнарыі школьных святаў. З якім гонарам за сваю настаўніцу ўвесь педкалектыў чытаў распрацоўку навагодняга свята ў рэспубліканскім часопісе “Пралеска”!

Сапраўды, для ўсяго калектыву гэты Чалавек і гонар, і прыклад таго, што ў любым уросце, у любой прафесіі  трэба развівацца. Нельга не адзначыць, што Тамара Пятроўна вось ужо 12 гадоў з’яўляецца ўдзельнікам раённага ансамбля ветэранаў  педагагічнай працы “Залатая пара”. Пасля работы ездзіць на рэпетыцыі ў гарадскі  Цэнтр культуры. Выступае з ансамблем падчас розных святаў і мерапрыемстваў. Узнагароджана дыпломамі і граматамі аддзела адукацыі, упраўлення адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Не адно пакаленне  выхавала Тамара Пятроўна за 50 гадоў. У чым сакрэт маладосці душы гэтай жанчыны?

Няўжо за столькі гадоў працы  не стамілася?

– Магу з упэўненасцю сказаць, што дзеці мяне ніколькі не стамляюць. Наадварот, зараджаюць сваёй энергіяй. Я вельмі шчаслівы чалавек, бо са мной заўсёды мае  вучні і мая музыка. Работа ў школе прыносіць радасць. Ад працы атрымліваю асалоду.

Валянціна Цупік,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Браніслаўскі дзіцячы сад-базавая школа”

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.