З прыростам кожны дзень

Паніжэнне тэмператур адмоўна ўплывае на ход сяўбы ранніх зерневых культур. Разам з тым, такое надвор’е не перашкаджае вяскоўцам выконваць іншыя агратэхнічныя прыёмы на палетках.

Важнай састаўной у гэтай дзейнасці з’яўляецца падрыхтоўка глебы. У гаспадарках механізатары вядуць яе ворыва, закрыццё вільгаці, дыскаванне. Адным словам, цэлы комплекс работ, каб пры надыходзе спрыяльнага моманту хутка і якасна заштукаваць насенне.

Так, на 26 сакавіка закрыццё вільгаці на палях праведзена на 7257 гектарах, ворыва — на 3686, а падрыхтоўка глебы — на 5525 гектарах. Да вызначанага задання гэта складае 65, 64 і 37 працэнтаў адпаведна. Найбольшы плён у згаданых справах маюць  працаўнікі акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына”, “Жыткавічыхімсервіс”, “Прыазёрскае-Агра”, сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба і камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае”.

У раёне на вышэйазначаную дату пасеяна ранняй ярыны 1858 гектараў, або 55 працэнтаў ад запланаваных плошчаў. Значна вышэйшы гэты паказчык у ААТ “Тураўшчына”, КСУПах “Бялёў” і “Коленскае”.

Не спыняюць аграрыі работы па вывазцы і ўнясенні на палі арганічных угнаенняў. Іх  назапашана на палетках 280 тысяч тон пры заданні 260. 171 тысяча тон гною ўнесена пад сяўбу. Найлепш на гэтым участку палявога канвеера спорацца справы ў працаўнікоў акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына” і “Прыазёрскае-Агра”.

Пасевы азімых зерневых культур падкормлены мінеральнымі тукамі на большай частцы плошчаў, азімы рапс — на палове. Прыкладна такія ж вынікі і на падкормках сенажацяў і выпасаў. Надвор’е пакуль спрыяе гэтай дзейнасці. Разам з тым зацягваць таксама няварта.

У цэлым палявыя работы ў рэгіёне з кожным днём разгортваюцца ўсё шырэй, а гэта добры знак, што справяцца з імі працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў у вызначаныя тэрміны.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.