Закончыць сяўбу ранняй ярыны да канца бягучага месяца

Такую задачу перад кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна паставіў на раённым семінары выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко.

Пачалося мерапрыемства з дэталёвага аналізу становішча, якое склалася на веснавых палетках. Нягледзячы на спрыяльныя пагодныя ўмовы, у шэрагу гаспадарак ужо на старце пасяўной выяўляюцца факты марудлівасці. Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Міхаіл Кузьміч, у многім гэта надараецца па прычыне выхаду са строю тэхнікі і яе няякаснай падрыхтоўкі ў зімовы перыяд. Дырэктары арганізацый запэўнілі кіраўніцтва раёна, што прымаюцца захады па выпраўленні становішча, і ў бліжэйшы час тэхніка выйдзе ў поле.

Увогуле, беражлівым адносінам да матэрыяльных рэсурсаў падчас выканання палявых работ на семінары ўдзелена вялікая ўвага. Тон размовы ў гэтым накірунку задалі старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка і яго першы намеснік Мікалай П’яўко. І невыпадкова, бо грошы на рамонты патрачаны вялікія, аказана аграрыям сёлета і фінансавая дапамога з бюджэту для такой справы і на набыццё новых машын (яны паступаюць у гаспадаркі і зараз), але з-за недагляду спецыялістаў на месцах тэхніка ламаецца. Таму кіраўнікі рэгіёна прызвалі прысутных прыняць вычарпальныя меры, каб выкараніць любую неахайнасць у дачыненні трактароў і агрэгатаў. Кожны з іх павінен быць абавязкова замацаваны за канкрэтным механізатарам. Менавіта ад спраўнасці будзе залежаць поспех на веснавым полі. Засяродзілі ўвагу кіраўнікоў і спецыялістаў галіны таксама на бездакорнай арганізацыі аховы мінеральных угнаенняў і прэпаратаў для правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў на пасевах. Па словах спецыялістаў раённых службаў, іх маецца недастаткова. Для прыкладу, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі не дасягае і паловы да неабходнага. Канечне, недастаючыя аб’ёмы будуць закупляцца, але важна, каб зараз на месцах  засяродзілі намаганні і кожны грам “элексіру ўрадлівасці” трапіў на палеткі. Асабліва гэта тычыцца ўчасткаў, якія засеяны гатункамі высокіх рэпрадукцый.  Павялічваць урадлівасць глебы варта і за кошт арганікі, якой патрэбна ўнесці максімальную колькасць.

У сваім выступленні галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Мікалай Жылан зрабіў акцэнт на тэмпах пасяўной. Іх неабходна паскараць.  Толькі насення ранніх зерневых і зернебабовых  бягучай вясной неабходна заштукаваць у глебу на 3400 гектарах. Прыбавіць вяскоўцам варта  з пасевам і падкормкамі шматгадовых траў і азіміны, больш грунтоўна падыходзіць  да выканання агратэхнікі пры падрыхтоўцы глебы. Так, Мікалай П’яўко выказаў незадавальненне тым, як у гаспадарках вядзецца закрыццё вільгаці:

– Для чаго восенню мы столькі перааралі палёў, патрацілі значныя сродкі? Каб вясной на гэтых надзелах лягчэй працавалася. На той жа Тураўшчыне на цяперашні час дастаткова адзін раз прайсці культыватарам  па раллі, каб падрыхтаваць глебу да сяўбы. Міне некалькі дзён і для выканання такой аперацыі ўжо спатрэбіцца некалькі праходаў агрэгатаў, а гэта дадатковыя выдаткі. Дык чаму ж марудзім і не выкарыстоўваем падмурак для паскарэння работ?

– Мы не толькі павінны справіцца на высокім узроўні з пастаўленымі задачамі, – дапоўніў намесніка старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка, – але і стварыць належныя ўмовы для дзейнасці ўдзельнікаў сяўбы. Паклапаціцца, каб яны забяспечвалі гарачае харчаванне, строга прытрымліваліся правілаў бяспекі працы, мелі спецвопратку і іншае. Адным словам, людзі павінны прыйсці здаровымі на работу і вярнуцца ў такім стане дадому.

Аб тым, як выконваюцца ў гаспадарках гэтыя патрабаванні, падрабязна расказалі на семінары старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец, галоўны інспектар Жыткавіцкага аддзела  дзяржінспекцыі працы Юрый Дземідзюк. Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Зубкоў агучыў праблему з пажарамі ў экасістэмах. Работнікі сельгасарганізацый павінны неадкладна рэагаваць на такія  ўзгаранні, прымаць захады па іх недапушчэнні і ліквідацыі, бо ад агню ў большасці выпадкаў церпяць менавіта лугі і сенажаці.

Практычная частка прайшла на палетках КСУПа “Коленскае”. Тут аграрыі азнаёміліся з ходам палявых работ у гаспадарцы, а таксама абмяняліся думкамі наконт тэхналагічных патрабаванняў, якія неабходна выконваць падчас іх, каб вырасціць багаты  ўраджай.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.