Кожнай гадзінай даражаць

Завяршыўшы першы этап сяўбы ярыны, працаўнікі КСУПа “Бялёў” актыўна рыхтуюцца да другога.

Палявыя работы ў камунальным сельгаспрадпрыемстве вядуцца згодна з распрацаванымі планамі. З імі карэспандэнта раёнкі азнаёміў галоўны аграном гаспадаркі Павел Галавач. Пасеяць раннія зерневыя і зернебабовыя мясцовым земляробам патрэбна бягучай вясной на чатырохсот гектарах. Дзякуючы цёпламу сакавіку з работай у цэлым справіліся.

– Асноўнай культурай у яравым кліне з’яўляецца авёс, які займае 280 гектараў. Невялікія плошчы, усяго 40 і 60 гектараў, адзведзены  пад ячмень і віка-аўсяныя сумесі. Таксама будзем саджаць 20 га бульбы, астатнія ўгоддзі пойдуць пад кукурузу, – расказвае Павел Мікалаевіч.

Зараз пасяўны агрэгат, на якім працуе Генадзь Галавач, задзейнічаны на ўшчыльненні палосных пасеваў, што будуць выкарыстаны на зялёны корм.

На тае, сёлета ў бялёўскіх аграрыяў справы складваюцца належна, уплывае грунтоўная падрыхтоўка, якую мясцовыя працаўнікі правялі за зімовы перыяд. У прыватнасці, надзейна адрамантавалі тэхніку, назапасілі мінеральных угнаенняў, арганікі, насеннага матэрыялу. Восенню механізатары добра пашчыравалі на ўздыме зябліва, таму адпала  неабходнасць у значных аб’ёмах ворыва вясной. Механізатарам застаецца толькі праводзіць агратэхнічныя прыёмы па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу. Куплены летась энерганасычаны “Беларус” з дыскапакам цяпер дазваляе значна паскараць згаданы працэс.

– Зараз наша асноўная задача – добра ўгноіць і падрыхтаваць палеткі пад сяўбу кукурузы і бульбы, – гаворыць  Павел Галавач. – На гэтых участках і засяроджаны асноўныя рэсурсы.

У чым няцяжка было пераканацца, наведаўшы гаспадарку. Толькі на вывазцы і ўнясенні арганікі задзейнічана дзясятак трактароў – сем на транспарціроўцы і два на пагрузцы. Стварыць такі магутны механізаваны кулак удалося дзякуючы і падтрымцы партнёраў. У прыватнасці, тры адзінкі тэхнікі на дапамогу бялёўскім земляробам накіравала акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс”.

– Яшчэ дні тры і з заданнем па вывазцы і ўнясенню арганікі справімся на сто працэнтаў, – з упэўненасцю зазначае тэхнолаг палёў сельгаспрадпрыемства. – Пад сяўбу яравых культур запланавалі бягучай вясной унесці  адзінаццаць тысяч тон угнаенняў.

Падставай для такіх вывадаў спецыяліста з’яўляецца старанне механізатараў Леаніда Чарнагалова, Аляксандра Брыняўца, Віталія Чмыхуна, Генадзія Жогаля, Фёдара Струка, Анатоля Макарэвіча і іх калег. Дарэчы, Анатоль Макарэвіч вызначаецца працавітасцю не толькі на гэтым участку палявога канвеера, але і на падкормках азіміны. Менавіта яго самааддача і майстэрства дазволілі правесці гэты агратэхнічны прыём у аптымальныя тэрміны і з высокай якасцю. Не меней важная задача і ў механізатара Мікалая Чэркаса. Разам з калегам Сяргеем Савічам ён уносціць цвёрдыя азотныя ўгнаенні пад будучыя пасевы кукурузы. Адразу ж элексір урадлівасці заштукоўвае ў глебу Максім Савіч.

– Наша дзейнасць арганізавана належна, –расказвае Мікалай Чэркас. – Мінеральныя тукі падвозяцца своечасова, гэтак жа аператыўна яны загружаюцца ў агрэгат для ўнесення. Мне толькі застаецца згодна з даведзенымі аграномам нормамі  размеркаваць іх па полі. Пакуль усё складваецца нармальна, таму і выпрацоўка адпаведна высокая.

Тое, што кожны бялёўскі механізатар зацікаўлены, каб выканаць ускладзеныя на яго абавязкі найлепш, заканамерна. Многія з іх летам перасядуць з трактароў на камбайны. Нездарма ў народзе кажуць, як пасееш, такі і ўраджай пажнеш. У гэтыя дні на палявых работах у КСУПе “Бялёў” стараюцца забяспечваць высокія тэмпы і такую ж якасць.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.