Ў КСУП «ЧЫРВОНЫ БОР» АКТЫЎНА ЗАЙМАЮЦЦА ЎНЯСЕННЕМ АРГАНІКІ

У гэтыя дні ў камунальным сельгаспрадпрыемстве «Чырвоны Бор» актыўна займаюцца ўнясеннем арганікі на палеткі. За змену механізаванае звяно запраўляе ў глебу амаль тысячу тон угнаення.

– На палях знаходзіцца больш як трыццаць пяць тысяч тон гною. А яшчэ і фермы ад яго пачысціць патрэбна, таму запасы значна павялічацца, – расказвае Яўген Купрацэвіч. – Так што справы ў нас на ўсю вясну хопіць.

На цяперашні час чырванаборскія механізатары арганікі ўнеслі больш як 20 тысяч тон. Гной не залежваецца на полі, а адразу заворваецца. На такім адказным участку працуе трактарыст Аляксандр Макарэвіч. Дзякуючы зладжанай рабоце калег, ён таксама мае добрую выпрацаўку. Менавіта зладжанасць у рабоце механізатараў на ворыве і падрыхтоўцы глебы дае магчымасць для манёўру і сейбітам.  Тут стараннем вызначаецца Максім Нікіцін.  Літаральна за некалькі дзён ён заштукаваў на 250 гектарах насенне аўса. На дваццаці працэнтах плошчаў у гаспадарцы падсеялі і шматгадовыя травы. Зараз узяліся за зернебабовыя культуры. Пазней плануецца пасеяць грэчку і проса,  аднагадовыя культуры. А гэта болей за паўтысячы гектараў. Канечне, традыцыйна  вялікая плошча адводзіцца пад кукурузу. Менавіта ўгнойваннем і падрыхтоўкай для яе глебы і занятыя мясцовыя земляробы.

– Зараз немалыя намаганні засяроджваем на тым, каб было з чаго стварыць дастатковы запас кармоў, – зазначае дырэктар гаспадаркі Віктар Раковіч. – На жаль, апошнія два гады з імі ў нас былі праблемы, таму наяўнасць моцнай базы фуражу дазволіць зняць многія з іх і палепшыць справы ў грамадскай жывёлагадоўлі.

Відавочна, што задачы перад чырванаборскімі земляробамі пастаўлены ясныя і канкрэтныя. І яны імкнуцца выканаць іх належна.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.