Школа для сапраўдных мужчын

Прысланая павестка аб прызыве ў армію для Дзмітрыя Прахарэнкі не стала нечаканасцю. Юнак добра ўсведамляў, што настаў і яго час абараняць Радзіму. Аднаго хацелася хлопцу – служыць у прэстыжнай часці, каб там грунтоўна асвоіць новую для сябе прафесію.

Жаданне Дзмітрыя прызыўная камісія задаволіла. Грамадзянскі абавязак яго накіравалі выконваць у 120-ю асобную механізаваную брыгаду. І гэта невыпадкова. Здароўе дазваляла, як і тое, што да службы Дзмітрый Мікалаевіч закончыў Столінскі прафесійны ліцэй, дзе атрымаў аж тры спецыяльнасці: слесара, трактарыста і вадзіцеля. Некалькі месяцаў працаваў у акцыянерным таварыстве «Тураўшчына». Гэта таксама было ўлічана ў ваенным камісарыяце.

– Безумоўна, найперш хацелася выпрабаваць сябе ў новых умовах, таму вельмі ўзрадаваўся, калі ў часці мяне накіравалі ў групу разведкі, – расказвае пра мінулагоднія эмоцыі салдат. – Канечне, сумняваўся, ці здолею належна пераадолець армейскія цяжкасці, але і пасаваць перад імі не збіраўся.  Не хацелася падводзіць  бацькоў,  сяброў, якія верылі, што з мяне атрымаецца добры баец. Таму і настройваўся сур’ёзна.

Цяпер тыя страхі Прахарэнка ўспамінае з усмешкай, бо  вайсковы шлях практычна пройдзены. Хутка дэмабілізацыя. Але Дзмітрый не лічыць, што паўтара года патрачаны дарэмна. За гэты тэрмін ён дасканала асвоіў вайсковую спецыяльнасць разведчыка-радыётэлеграфіста, значна падцягнуў сваю спартыўную форму, набыў новых сяброў-таварышаў.

– У армейскай службе вельмі шмат плюсаў. І яны не толькі ў тым, што ты асвойваеш розныя тыпы зброі, удзельнічаеш у вучэннях, – гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. – Тут выпрацоўваюцца такія якасці, як дысцыплінаванасць, адказнасць, уменне імгненна прымаць рашэнні, прывіваецца дух калектывізму. Усё гэта абавязкова спатрэбіцца ў цывільным жыцці.

Таму з вышыні, так бы мовіць, бывалага салдата Прахарэнка раіць юнакам не баяцца арміі, бо яна з’яўляецца той школай, з якой выходзяць сапраўдныя мужчыны, што здольныя пастаяць за сябе і за сваіх блізкіх.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.