Сям’я Некрашэвічаў

Такую назву мае нарыс, які з’яўляецца часткай кніжкі “вся жизнь отчизне», прысвечанай герою савецкага саюза, камандзіру пінскага партызанскага злучэння васілю захаравічу каржу.

У творы распавядаецца пра сям’ю маладых патрыётаў — Некрашэвічаў, ураджэнцаў і жыхароў вёскі Баравая, якія прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на часова акупіраванай імі тэрыторыі Беларусі.

Сталася так, што ў першыя летнія месяцы вайны Пінскае партызанскае злучэнне было параўнальна невялікім партызанскім атрадам, які размяшчаўся на тэрыторыі  нашага раёна ў лясным масіве ўсходней возера Белае. Спачатку народныя мсціўцы дапамагалі франтавым часцям Чырвонай Арміі адбіваць атакі наступаючых нямецкіх войскаў. А калі фронт адышоў на ўсход, засталіся ў тыле: рабілі засады на дарозе Ленін — Жыткавічы. Нападалі на фурманкі, матацыклы, асобныя машыны, на якіх праціўнік рухаўся ў бок фронту. Наведвалі вёскі, гутарылі з людзьмі, наладжвалі сувязі з савецкімі актывістамі, ці проста з патрыётамі, якія былі не супраць дапамагаць атраду. Менавіта гэтым летам і пазнаёміліся партызаны з сям’ёй Некрашэвічаў, якая пражывала ў вёсцы Баравая нашага раёна. Пачалося ўсё з самага малодшага з іх Міхаіла — юнака, практычна яшчэ падлетка.

Аўтар піша, што адбылося гэта так: хлопец вяртаўся з-пад Жыткавічаў, куды праводзіў  чырванаармейцаў, якія рухалася на ўсход. Яго выпадкова сустрэла невялічкая група партызан і ён згадзіўся завесці іх да месца, якое яны выбралі для засады. Ужо пры самым падыходзе да патрэбнай мясціны Мішу, які ішоў метраў за сто наперадзе, схапілі нямецкія аўтаматчыкі. Калі б на іх нарваліся самі партызаны, справа  магла б скончыцца дрэнна. Немцаў было, як потым расказваў Міша, каля 80-ці чалавек. Яны дапытвалі хлопца, нават білі, але ён тлумачыў адно: ішоў дадому, заблукаў у лесе, жыве ў вёсцы Баравая. Трымалі юнака ў райцэнтры Ленін пяць дзён. Не дабіўшыся ад яго нічога і пераканаўшыся, што ён  сапраўды жыве ў Баравой, адпусцілі.

Адзін з братоў Іван Некрашэвіч, калі пачалася вайна, служыў у Чырвонай Арміі. Іх часць трапіла ў акружэнне. Яму з таварышам удалося вырвацца адтуль і ён вярнуўся дадому. Пачуўшы ад брата пра партызан, Іван захацеў уступіць у атрад. Пра гэта камандзіру паведаміла сувязная Багінская. Выслухаўшы Ганну Васільевўну, В.З. Корж цёпла адазваўся аб Мішы: “Малайчына! З яго будзе добры разведчык. А які яго брат Іван? Трэба пазнаёміцца з ім”. І вось перад камандзірам стаіць невысокага росту, моцна збіты, круглатвары, малады чалавек гадоў 25-ці. Паміж імі адбываецца наступны дыялог:

— Баец Чырвонай Арміі Іван Некрашэвіч, — па ваеннаму прадставіўся мужчына.

— А дзе ж ваша вінтоўка, паважаны баец? — не без іроніі пытаецца Васіль Захаравіч.

— Вінтовак у мяне дзве, таварыш камандзір. Адна мая, другая таварыша з вёскі Лагвошчы. Разам з ім выходзілі з акружэння. Сваю вінтоўку ён аддаў мне, а сам пайшоў дадому. Больш я яго не бачыў. Але пераказвалі, жыве ён дома адкрыта.

— А Вы таксама адкрыты?

— Не, таварыш камандзір. Толькі сястра і браты ведаюць, што я тут.

— А колькі ж у вас братоў?

— Я, Міша і Рыгор — гэтыя дома. А Сяргей у Асіповічах. Апошнім часам працаваў чыгуначнікам. А дзе ён зараз — не ведаем.

У час гутаркі камандзір атрада шмат даведаўся пра гэту дружную, працавітую сям’ю. Усе ў ёй вывучыліся і цвёрда стаялі на нагах. Іван напярэдадні вайны набыў спецыяльнасць бухгалтара, Вера – рахункавода ў калгасе, Сяргей — чыгуначніка, Рыгор — паштовага работніка, яго прызначылі начальнікам аддзялення сувязі. Падводзячы вынікі размовы, В.З. Корж адзначыў: “Ну што ж, выходзіць хутка ў нас будзе цэлае аддзяленне камсамольцаў-Некрашэвічаў”. Тут жа ён папрасіў хлопца прынесці зброю. І практычна праз паўгадзіны той даставіў дзве вінтоўкі, змазаныя і акуратна закручаныя ў старую посцілку. Па ўсяму было відаць, што Іван умее вельмі добра абыходзіцца са зброяй. Так ён стаў партызанам атрада Камарова (Каржа) і тут жа атрымаў сваё першае партызанскае заданне.

Праз нейкі час камандзір атрада гутарыць з другім сваім сувязным  жыхаром рыбгаса “Белае”. Той даводзіць яму аб становішчы ў рыбгасе і наваколлі, у другіх мясцінах Жыткавіцкага і суседняга Старобінскага раёнаў і між іншым кажа: “Пара сям’ю Некрашэвічаў забіраць з Баравой. Спакою ім не даюць. У паліцыю загадваюць паступаць.

В.З. Корж адразу ж пазваў да сябе Івана  і загадаў: “Можаце забраць сваіх братоў і сястру ў атрад. Будзе на трох байцоў больш, а то яны дачакаюцца, што іх расстраляюць немцы”. Пад вечар група партызан начале з Чуклаем пайшла за Некрашэвічамі. Ноччу Чуклай і Іван Некрашэвіч  прыйшлі з папаўненнем. Вясёлае гэта было шэсце. Спераду малодшы Міша вёў на вяроўках двух вялікіх авечак па-гаспадарку ахамутаўшы іх. Яму дапамагала Вера. Рыгор нёс цяжкі вузел з бялізнай, чугункамі і скавародамі. А два Іваны гнуліся пад цяжкімі мяхамі, у якіх была крупа і мука. Знялі прыйшоўшыя свае ношкі. Пастроіў іх Іван Некрашэвіч і адрапартаваў: “Таварыш камандзір, аддзяленне Некрашэвічаў прыбыло для праходжання партызанскай службы”. Корж падышоў да траіх маладых хлопцаў і іх сястры, кожнаму паціснуў руку. Асабліва моцна малодшаму Мішу, таму, што ён у аддзяленні Некрашэвічаў быў самы “старшы” партызанскага атрада.

— У вас ёсць яшчэ адзін брат? — спытаў Васіль Захаравіч.

— Сяргей, таварыш камандзір” — звонкім голасам адказала Вера. — І калі ён жывы і знаходзіцца ў нямецкім тыле — абавязкова будзе з намі!

Вера не памылілася. Вясной 1942 года Сяргей прыйшоў у атрад. Яго вопыт чыгуначніка вельмі спатрэбіўся партызанам. Так  сям’я Некрашэвічаў — чатыры браты і сястра — змагаліся супраць фашысцкай акупацыі ў атрадзе, а потым і ў злучэнні В.З. Каржа да самага вызвалення  Беларусі ад акупантаў улетку 1944 года. Ваявалі вельмі добра, пра гэта сведчаць шматлікія ўрадавыя ўзнагароды, якімі яны былі ўзнагароджаны.

У пасляваенны час усе яны працавалі на карысць роднай Беларусі і  былой вялікай краіны СССР, мелі свае сем’і. У родных мясцінах, у вёсцы Баравая, застаўся жыць Сяргей Аляксеевіч. Спачатку працаваў у рыбгасе “Белае”, а пасля ўтварэння БМУ — меліярацыі, цяперашняя ПМК-66, перайшоў  у гэтую арганізацыю і да самай пенсіі шчыраваў там слесарам-наладчыкам абсталявання.

Рыгор Аляксеевіч звязаў свой лёс з арміяй. Нейкі час служыў за межамі СССР, потым быў накіраваны ў Расійскі Ніжні Ноўгарад, дзе і застаўся. Дзве яго дачкі ў цяперашні час  жывуць у Маскве.

Іван Аляксеевіч у пасляваенны час жыў у Пінску, працаваў старшынёй калгаса ў Пінскім раёне, потым у сістэме райспажыўсаюза, іншых гаспадарчых арганізацыях згаданага горада  і раёна. Усе яго нашчадкі жывуць там.

Міхаіл Аляксеевіч адразу пасля вайны служыў у міліцыі ў пасёлку Мікашэвічы Ленінскага раёна Пінскай вобласці, потым на розных пасадах у раённым цэнтры Ляхавічы цяперашняй Брэсцкай вобласці. У гэтым горадзе жывуць і яго дзеці. Іх сястра Вера Аляксееўна выйшла замуж. Адразу пасля вайны жыла і працавала разам з мужам у вёсцы Аздамічы Столінскага раёна. Потым мужа перавялі дырэктарам рыбгаса ў Брэсцкі раён. Іх трое дзяцей жывуць у Брэсце.

Васіль Нікановіч

Матэрыял падрыхтаваны на аснове тэкстаў кніжкі “Вся жизнь Отчизне», — аўтар Кацярына Спірыдонаўна Корж, а таксама непасрэднай гутаркі з дзецьмі і родзічамі герояў гэтага нарыса Сяргея Аляксеевіча і Івана Аляксеевіча Некрашэвічаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.