У адзіным працоўным парыве

Кіраўніцтва райвыканкама даволі плённа папрацавала падчас рэспубліканскага суботніка. Некалькі гадзін старшыні райвыканкама і райсавета Аляксандр Сідарэнка і Уладзімір Кулеш, іх намеснікі, начальнікі аддзелаў, кіраўнікі раённых службаў дружна наводзілі парадак у лясным масіве, дзе будуецца лыжа-ролерная траса.
Згаданы ўчастак чысцілі не аднаразова. І, здавалася, што ў гэтай мясціне смецця будзе не так і шмат. Але, як засведчыў ход работы, нашы людзі за параўнальна невялікі тэрмін змаглі нанасіць на будучую пляцоўку адпачынку даволі шмат друзу. Ужо першыя мяхі удзельнікі суботніка запоўнілі ім за лічаныя хвіліны. Гэтак жа імкліва напаўняўся і трактарны прычэп, куды ссыпалі сабранае смецце. Паліэтыленавыя пакеты і стаканы, пачкі ад цыгарэт,  упакоўкі ад чыпсаў, цукерак і іншай закускі – гэта не поўны пералік “знаходак”, якімі была захламлена тэрыторыя. Невядомы “разважлівы гаспадар” вывез са свайго падворка ў лясок і там пакінуў некалькі вазкоў будаўнічага матэрыялу і бытавых адыходаў. Але самае крыўднае не гэта, зялёны масіў вабіць аматараў адпачываць на ўлонні прыроды. Зразумела, што робяць гэта са спіртным, а вось парожнія бутэлькі турысты па-варварску разбіваюць. А там жа бегаюць дзеці, і ад раскіданага шкла яны могуць параніцца.
За час суботніка ў зялёнай зоне непрывабнасцей намнога паменшала. Вынік сумеснай справы – вывезены з ляска цэлы трактарны прычэп смецця. Безумоўна, што дружная праца пастаянна падтрымлівалася жартамі, што дадавала настрою ўдзельнікам суботніка і спрыяла канчатковаму выніку.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.