За калючым дротам вайны

Маленства не падаравала ім радасных успамінаў. Непаўналетнія вязні месцаў прымусовага ўтрымання пазналі не толькі рабскую працу, хваробы, голад, а і горыч уніжэнняў, абразы і страх. Фашызм пазбавіў ні ў чым не павінных хлопчыкаў і дзяўчынак самай светлай пары — дзяцінства. Але ж разам з тым узрост — памяць у юныя гады дужа пластычная — дапамог не страціць розуму, а няведанне — выжыць.

Нявольнікі Хемніца

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Міхаілу Чэчку з Пагоста мінула чатырнаццаць, калі яго сям’ю (адзінаццаць душ, малодшаму Грышу споўнілася ўсяго паўтара гадочкі) разам з аднавяскоўцамі вывезлі ў Германію. Ішоў красавік 1944-га.

— Якраз на Паску было, — пераносіцца ў мінулае Міхаіл Захаравіч, — немцы, пасарціраваўшы людзей на прыпяцкім балонні, пад плач і гвалт мацярок і дзяцей машынамі прывезлі нас на станцыю ў Жыткавічы і пагрузілі ў вагоны. У цесным таварняку на голай падлозе ехалі больш за тыдзень. На кароткіх прыпынках салдаты разносілі баланду. Дарослыя, як маглі, супакойвалі малых. Ніхто не ведаў, што чакае наперадзе.

Пяць пагосцкіх і адна чэрніцкая сем’і трапілі ў горад Хемніц, дзе знаходзіўся філіял канцлагера Флосенбург. Яго вязняў размеркавалі ў памяшканні старога завода са збітымі двухпавярховымі нарамі. Эксплуатавалі людзей на ваеннай вытворчасці. Палонныя салдаты з Польшчы, Францыі, іншых еўрапейскіх дзяржаў, падганяемыя кулаком ды выспяткамі канваіраў, рабілі снарады, а вязні працавалі на машынабудаўнічым участку. Міша з братамі і бацькам (пакуль той не траўмаваўся) адлівалі з металу розныя дэталі, а маці, за падол якой трымаліся пяцёра малодшых, пакінулі гаспадарыць у бараку. На пытанне, як выжылі, Міхаіл Захаравіч цяжка ўздыхае:

— Відаць, пашанцавала. Многія, не вытрымаўшы цяжкіх умоў, хварэлі і мерлі. Зімою пакутвалі ад холаду, заўжды смактала ў жываце. На дзяцей выдавалася па 150 грам хлеба, працуючыя атрымлівалі трыста. А суп варылі з бручкі і шпінату, на 500 літраў вады дадаючы адзін пачак маргарыну. Падчас паветранай трывогі ўсе выбягалі з цэха, каб схараніцца ў полі. У абарваных лахманах, хістаючыся ад неядзі і стамлення, на завод мы дабіраліся трамваем пад кпіны сытых нямецкіх гараджан, кідаючых у спіну “русіш швайн”.

Нявольнікаў Хемніца савецкая армія вызваліла за дзевяць дзён да капітуляцыі фашысцкай Германіі. Захар Чэчка знайшоў недзе каня, пагрузіў на падводу малечу, і сям’я рушыла на ўсход. На польска-беларускай мяжы пераселі ў цягнік, які і прывёз іх на радзіму. Дзякуй богу, дадому вярнуліся ў поўным складзе.

…Зацягнуліся ваенныя раны, аднавілася разбураная вёска, параслі дзеці, род Чэчкаў доўжаць унукі. Толькі памяць пра мінулае застанецца назаўсёды. Забыць такое немагчыма, таму што нельга забываць.

Народжаная, каб выжыць

Гісторыя жыхаркі вёскі Грычынавічы Марыі Пракаповіч, былой калгасніцы і маці пяцярых дзяцей, магла б легчы ў аснову кінадрамы. Вязнем яна стала, яшчэ не нарадзіўшыся на свет. У пашпарце месцам з’яўлення беларускі пазначана паселішча Графендорф, што на поўдні Германіі.

— Маю маму пагналі ў Нямеччыну разам з палосцевіцкай моладдзю ў лютым 1942-га, — дачка прыгадвае ўспаміны 24-гадовай Веры Горбат. – Яе забраў да сябе баварскі баўэр Рудольф Лютц, у каторага была вялікая гаспадарка і немалая сям’я. Палонныя кароў даілі, вазілі снапы, коньмі малацілі жыта, завіхаліся на іншых справах, ператварыўшыся ў безабаронную прыслугу.

Сярод нявольнікаў вылучаўся невысокі сімпатычны паляк Анжэй, якога нашы звалі Андрэем. Вайна вайною, а маладосць брала сваё. Паміж Верай і хлопцам прабегла іскрынка кахання. Для пачуццяў не стала перашкодай і мова. Дзяўчына вучылася ў польскай школе, так як яе вёска да 1939 года знаходзілася пад уладай Белага арла. Калі зацяжарыла, гаспадар папярэдзіў, што з дзіцём у хаце не пацерпіць. Два апошнія месяцы будучая маці правяла ў гарадской радзільні, дзе даглядала за парай кінутых рускімі жанчынамі немаўлятак і бесперапынна плакала, вырашаючы, як паступіць са сваім дзіцём.

— Не браць грэх на душу ўгаварыў яе рускі доктар, — з удзячнасцю за сваё выратаванне кажа Марыя Андрэеўна. — Падбадзёрваў: глядзі, якая прыгожая дзяўчынка, не адмаўляйся, усё неяк зладзіцца. Аправіўшыся, пайшла мама шукаць прытулку. Толькі ў трэцяй вёсцы прынялі яе дзве бяздзетныя немкі. За пастой тая выконвала любую работу, а жанчыны, незважаючы на нацыстскую ідэалогію, мяне добра няньчылі.

Неверагодна, але праз сем месяцаў Веру з дачкою знайшоў Рудольф, каб вярнуць у Графендорф. Жонка баўэра, нарадзіўшая шостага нашчадка, стала даглядаць і Марыйку, пакуль яе маці спраўлялася з іхняй вялікай гаспадаркай. На радзіму наша зямлячка вярнулася ў маі 1945-га, дачушцы пайшоў другі гадок. Колькі знявагі тады перажыла жанчына, можна толькі ўявіць. Існуючая мараль не дазваляла наогул мець дзіця па-за шлюбам, а тут яшчэ і няведама ад каго. Хапіла людскога зла ды крыўдных мянушак і самой Марыі Андрэеўне. Праз “нямецкія” метрыкі дзяўчына няўтульна адчувала сябе ў соцыуме, у свой час яе не прынялі ў камсамол, палічыўшы палітычна ненадзейнай асобай.

— Тэму майго нараджэння абміналі, — здаецца, субяседніца даўно змірылася з лёсам, — я саромелася распытваць, а мама толькі аднойчы знайшла ў сабе сілы распавесці ўсю гісторыю цалкам. Канечне, пры ўмове большага грамадскага прымірэння, можа, і паспрабавала б тады адшукаць польскіх родзічаў, каб неяк рэабілітавацца. А зараз ужо позна — і прозвішча іх сцерлася з памяці, і дакументы страчаны. На памяць засталася хіба што старая, пажоўклая фатаграфія. Па ёй бачу: малым ростам я, відаць, у бацьку пайшла.

Гістарычным радком

Толькі ў Беларусі фашысты стварылі звыш 260 пунктаў масавага знішчэння насельніцтва, з якіх не выратаваліся 1400000 чалавек. На тэрыторыі ж Германіі і краін-саюзніц дзейнічала 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, дзе ўтрымлівалі 18 мільёнаў людзей. Кожны пяты вязень — непаўналетні. Не дачакаліся вызвалення 11 млн. палонных. Па іншых дадзеных, колькасць ахвяр нацызму была яшчэ большай.

Іх палілі ў крэматорыях, атручвалі  газам, здзекваліся і прымушалі працаваць да поўнага знясілення. А яшчэ выкарыстоўвалі ў якасці донараў для салдат вермахта, праводзілі страшныя медыцынскія эксперыменты, выпрабоўваючы на людзях новыя прэпараты.

Наша даведка

Штогод 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Дата ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні палонных Бухенвальда, якое адбылося ў 1945 годзе.

Наша даведка

Сёння на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзіцца 59 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання. Сямёра чалавек з гэтай колькасці на той час былі паўналетнімі. Самаму малодшаму зараз 75 гадоў, найстарэйшы летам адзначыць 97-ы дзень нараджэння.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.