Земляробы КСУП “Коленскае” сеюць кукурузу.

Земляробы камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае” паспяхова справіліся з сяўбой ранніх каласавых культур і зараз гэтак жа плённа сеюць кукурузу.

Падмурак ураджаю “каралевы палёў” закладваюць механізатары Мікалай Хільман і Аляксандр Пяшэвіч. Шчыруюць яны даволі вынікова, штодзённа заштукоўваюць насенне на шасцідзесяці гектарах.

— Для паспяховай работы сейбітаў ствараем усе ўмовы, каб агрэгаты не прастойвалі ні адной хвіліны, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Іван Кузюр. — Найперш, увагу надаем падрыхтоўцы глебы. Тут праяўляюць старанне Мікалай Дамарад, Анатоль Некрашэвіч і Аляксандр Бандзюк. Сёлета  кукурузай мяркуем заняць тысячу трыста гектараў, але, відаць, што сеяць будзем болей. Як ні кажы, а менавіта гэтая культура сёння з’яўляецца асновай нашай кармавой базы для грамадскага статка. Згодна з даведзеным заданнем на трохстах гектарах кукуруза будзе вырошчвацца на зерне, а на тысячы — на сілас.

Апошні акцэнт, зроблены спецыялістам, яскрава сведчыць, наколькі адказная задача стаіць перад мясцовымі земляробамі. І яны гэта добра разумеюць, таму тэмпы сяўбы падмацоўваюць высокай якасцю. Палі перад пасевам добра запраўляюцца арганікай і мінеральнымі тукамі, забяспечваецца і належная падрыхтоўка глебы. Не забываюць таксама пра рэгуліроўку агрэгатаў, за чым наладжаны неаслабны кантроль агранамічнай службы. Для прыкладу, на полі, дзе механізатары вядуць сяўбу, пастаянна знаходзіцца брыгадзір Дар’я Карбісонава, якая неадкладна прыходзіць пры любой неспадзяванасці на дапамогу сейбітам, або сігналізуе галоўнаму аграному аб збоі. Хаця Дар’і Мікалаеўне такое даводзіцца рабіць у выключных выпадках, бо пад яе началам працуюць адказныя і спрактыкаваныя механізатары.

— Гэта мая першая сяўба кукурузы, — расказвае малады спецыяліст гаспадаркі, якая трапіла ў КСУП па размеркаванні пасля заканчэння Калінкавіцкага сельскагаспадарчага каледжа. — Спадзяюся, што кампанія пройдзе гладка, і на нашых палях вырасце багаты ўраджай.  Паразуменне з механізатарамі цудоўнае. Іх практычны вопыт надае ўпэўненасці ў станоўчым выніку. Яна для мяне яшчэ і выдатная школа па ўдасканаленню майстэрства.

Мікалай Хільман і Аляксандр Пяшэвіч ужо больш як дзесяць гадоў у прафесіі, таму здольныя на самым высокім узроўні выканаць любыя агратэхнічныя прыёмы. Падчас бягучай пасяўной яны не раз даказалі гэта, працуючы на розных участках сельгасвытворчасці. Да таго ж і да тэхнікі адносяцца належна, таму і трактары, і сеялкі  ў іх заўсёды ў спраўным стане.

— У восем раніцы мы ўжо ў полі, — расказвае Мікалай Хільман, — але на машынны двор прыходзім намнога раней, каб перад выездам яшчэ раз праверыць тэхніку. Заканчваем работу ў сем вечара, праўда, калі патрэбна, гатовыя пашчыраваць і болей. Для плённай працы створаны ўсе ўмовы: паліва ёсць, запас падрыхтаваных плошчаў для сяўбы таксама, насення і мінеральныя тукі пастаянна пад рукой, абеды падвозяць своечасова. Таму дзённая выпрацоўка залежыць непасрэдна толькі ад уласнага майстэрства.

На 25 красавіка кукуруза ў камунальным сельгаспрадпрыемстве пасеяна на 409  гектарах. Варта адзначыць, што аснова кармавой базы ў гаспадарцы закладваецца ў гэтыя дні не толькі на палетках згаданай культуры, але і на іншых. Поўным ходам ідзе сяўба аднагадовых траў. У КСУПе яны зоймуць 250 гектараў. Яе вядзе вопытны механізатар Віктар Галавач.  Дарэчы, менавіта дзякуючы яго працавітасці коленскія земляробы справіліся ў аптымальныя тэрміны з сяўбой ранніх каласавых культур. Віктар Арсенцьевіч заштукаваў іх насенне на трохстах гектарах.

— Зараз сеем аднагадовыя травы, у прыватнасці, пайзу, потым возьмемся і за шматгадовыя, — гаворыць механізатар. — На арганізацыю работ нараканняў няма, адно толькі турбуе, каб хутчэй сапраўднае цяпло настала ды дажджы напаілі ўдосталь зямельку. А то  надакучылі сухавеі і замаразкі, якія нішчаць нашы намаганні.

У раёне да сяўбы кукурузы прыступілі ва ўсіх гаспадарках. З больш як чатырнаццаці тысяч гектараў плошчы, адведзенай пад культуру, яе насенне ўжо заштукавана ў глебу на 3839 гектарах. Добрыя тэмпы на згаданым участку падтрымліваюць  таксама ў акцыянерных таварыствах “Прыазёрскае-Агра”, “Агра-Ляскавічы”.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.