Каму першаму ўручылі юбілейны медаль “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” у Чырвоненскім сельсавеце?

Першым, каму ўручылі юбілейны медаль “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” у Чырвоненскім сельсавеце, стаў ветэран-франтавік Арсенцій Цімашчэня. З гэтай нагоды для заслужанага чалавека арганізавалі невялікае свята прама на падворку.

Арсенцій Міхайлавіч падрыхтаваўся да сустрэчы гасцей належна. Выйшаў да старшынь раённых  аб’яднання прафсаюзаў Уладзіміра Гулюты, ветэранскай арганізацыі Адама Купрацэвіча, кіраўніка мясцовага сельвыканкама Рыгора Агіевіча, начальніка аддзялення прызыву райваенкамата Арцёма Булаўка пры поўным парадзе, надзеўшы святочны кіцель са шматлікімі ўзнагародамі. У адрас ветэрана прагучала нямала цёплых пажаданняў і віншаванняў з нагоды знакавай для ўсіх нас урачыстасці. Ён унёс таксама свой уклад, каб беларусы жылі пад мірным небам. На фронт у дзеючую армію ён трапіў, калі родную вёску вызвалілі ад фашыстаў. З баямі прайшоў да Германіі. Хаця Арсенцій Міхайлавіч і не надта любіць успамінаць пра тыя ліхія гады. Яму, падлетку, шмат давялося перажыць у акупацыі, бачыць здзекі гітлераўцаў над мірнымі жыхарамі Ляхавічаў і навакольных вёсак.  Вельмі добра памятае ветэран прыход у іх край партызан Каўпака і самога славутага камандзіра злучэння. А яшчэ больш Арсеній Міхайлавіч любіць расказваць пра ўласную стваральную працу. Шчыраваў кавалём у калгасе, на падсочцы — у леспрамгасе. Больш трыццаці гадоў прысвяціў гэтым нялёгкім прафесіям. З цеплынёй згадвае дзядуля і тое, як будаваў уласную хату, дзе разам з жонкай вырасціў траіх дзяцей.

Былы франтавік яшчэ трымаецца даволі бадзёра. Падчас выступлення самадзейных артыстаў з Чырвоненскага сельскага дома культуры, якія віншавалі ветэрана, разам з імі спяваў знакамітую “Кацюшу”. Увогуле Цімашчэня заўсёды любіў музыку і спевы, таму застаўся задаволеным музычнымі падарункамі.

Далей шлях вышэйзгаданай дэлегацыі пралёг у Пухавічы. Тут юбілейную ўзнагароду, падарункі ўручылі ветэрану вайны Мікалаю Купрацэвічу, а канцэрт для яго падрыхтавалі работніцы мясцовай установы культуры. Закончылася мерапрыемства ўскладаннем вянкоў і кветак да помнікаў, якія ўстаноўлены на тэрыторыі Савета ў памяць аб тых, хто не дажыў да светлага дня Перамогі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.