Мілевіцкі сельсавет: «Быць парадку, прымнажаць прыгажосць»

Мілевіцкі сельсавет з’яўляецца найбольш аддаленай адміністрацыйнай тэрыторыяй ад райцэнтра. Нягледзячы на такую акалічнасць, мясцовая ўлада імкнецца паляпшаць умовы жыцця насельніцтва, арганізоўваць людзей на грамадска-карысныя справы. Наколькі вынікова? Аб чым і гутарым са старшынёй сельвыканкама Тамарай Трафімовіч.

– У Савеце налічваецца сем вёсак, дзе на цяперашні час пражывае 825 чалавек, з якіх 311 – непасрэдна ў Мілевічах. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што, як і паўсюдна, рэгіён старэе. Гэта ў пэўнай ступені накладвае адбітак на нашу дзейнасць. Сацыяльная сфера сельсавета прадстаўлена трымя ўстановамі культуры, школай-садзікам, дзе займаюцца 31 вучань і чатыры дашкольнікі, магазінам спажывецкай кааперацыі і прыватнымі гандлёвымі кропкамі, аўталаўкамі. Дарэчы, калі казаць пра арганізацыю гандлю, то не трацім надзеі, што ўдасца адчыніць магазін  у Мілевічах, дзе пакуль адсутнічае прадавец. Што тычыцца вытворчасці, то у нас яна таксама невялікая: тры лясніцтвы ды таварныя фермы ў Беразняках і Новых Залюцічах, якія належаць ААТ “Людзяневічы”. У занятасці насельніцва вялікую ролю адыгрывае прыватны бізнес. Так, на прадпрыемстве Валянціны Давідовіч працаўладкавана паўсотні чалавек. Спадзяемся і на земляка з Грабава Руслана Малькевіча, які зараз на малой радзіме распачынае ўласную справу. Увогуле, нашы прадпрымальнікі і кіраўнікі структурных падраздзяленняў даволі адказныя людзі, заўсёды аказваюць адчувальную падтрымку ўладзе ў вырашэнні розных пачынанняў.

– Напрыклад?

– Мы шмат сумеснымі намаганнямі папрацавалі над добраўпарадкаваннем могілак. Цяпер яны ўсе агароджаны, прычым, тры з іх жалеза-бетонным заборам. На двух месцах пахавання спілавалі аварыйныя дрэвы і гэтую работу працягваем. Зрабілі і належна абсталявалі некалькі пляцовак для збору смецця. Канечне, гэтага немагчыма было б дабіцца без падтрымкі людзей. У кожным населеным пункце нашы давераныя асобы збіралі ахвяраванні на такую патрэбную справу. У ліку такіх актыўных жыхароў Іван Малькевіч, Вольга Малькевіч, Тамара Прышчык, Міхаіл Міхалковіч, Таццяна Ефімовіч, Ніна Пупенка і іншыя. Менавіта дзякуючы ім тутэйшыя жыхары змаглі пераканацца, як многа можна зрабіць добрага і карыснага на сваёй малой радзіме разам.

Напярэдадні Свята Перамогі прывялі ў парадак усе помнікі і мемарыялы. Іх дзевяць. Як вядома, у нашым Савеце карнікі знішчылі шмат мірных жыхароў, ды і землякоў загінула, змагаючыся ў партызанах і на франтах, нямала. І мы стараемся, каб памяць аб гэтых ахвярах жыла ў нашых сэрцах навечна.

– Напэўна, гэтак жа дружна вырашаеце і іншыя справы па добраўпарадкаванні?

– Я сказала б, што так. У суботніках і “чыстых чацвяргах” прымаюць актыўны ўдзел не толькі работнікі Савета, але і працаўнікі нашых арганізацый і ўстаноў. Ніколі ніхто не адмовіў у дапамозе. Канечне, маюцца праблемы, асабліва з транспартам, але і яны вырашаюцца. Вельмі турбуе, што ў вёсках Савета шмат пустуючых надзелаў, якія застаюцца пасля зносу старых будынкаў. Летам такія тэрыторыі патрэбна пастаянна абкошваць. Вось тут і адчуваецца тое надзейнае плячо партнёраў. Дарэчы, летась з вуліц такіх занядбалых пабудоў знікла паўдзясятка. Ідзе праца і зараз. Хаця, шчыра кажучы, мяне больш радуе, калі пакінутае жыллё набываюць новыя гаспадары.

За дзесяць апошніх гадоў у нас гараджане пад дачы купілі больш як дзвесце пяцьдзясят пустуючых дамоў. У гэтым годзе – ужо чатыры. Новыя ўладальнікі прыводзяць занядбалую маёмасць у парадак, падтрымліваюць на сядзібах чысціню, што толькі паляпшае знешні выгляд у паселішчах.

Што тычыцца тых тэрыторый, якія вызвалілі ад друзу, то саджаем там дрэвы, упрыгожваем малымі архітэктурнымі формамі, кветнікамі. У двух мясцінах зараз абсталёўваем пляцоўкі для адпачынку дзяцей.  Хочацца, каб людзі жылі ў прыгажосці і прымнажалі яе на вясковых вуліцах.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.