На новыя дасягненні

Калектыву сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба мінулы год прынёс нямала станоўчых вынікаў. У прыватнасці, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала больш як дваццаць мільёнаў рублёў.

Безумоўна, што гэты здабытак атрыманы дзякуючы старанням на палетках і фермах. Так, прадуктыўнасць кароў  павялічылася  больш як на паўтары тоны. Ад кожнай рагулі мясцовыя жывёлаводы надаілі па 9551 кілаграму малака. Гэта трынаццаты паказчык у рэспубліцы. Валавы надой на малочна-таварным комплексе фермера атрыманы ў памеры больш за дзесяць тысяч тон, з якіх 96,2 працэнта прададзена на перапрацоўку самым высокім гатункам. Дарэчы, і ў бягучым годзе тутэйшыя аператары машыннага даення забяспечваюць прырост прадукцыі. За першы квартал надоена 2408,2 тоны малака, што на 12,9 працэнта перавышае леташні паказчык.

Парадавала і ніва гаспадаркі. Зерня і кукурузы ў засекі засыпалі болей за дванаццаць тысяч тон. Варта сказаць, што механізатары сельгаспрадпрыемства летась сеялі кукурузу ў КСУПе “Бялёў” і яскрава прадэманстравалі, што пры вытрымліванні тэхналагічных патрабаванняў можна мець высокі ўраджай згаданай культуры. Заўважым, аддача збожжавага гектара ў сялянскай гаспадарцы самая высокая ў раёне – атрымана больш як паўсотні цэнтнераў зерня на круг.

Парадавалі калектыў і бульбяныя плантацыі, і грамадскі агарод. Другога хлеба накапалі амаль чатыры тысячы тон, а морквы, капусты, буракоў, цыбулі сабралі больш як сем з паловай тысяч тон.

У гэтыя дні працаўнікі сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба актыўна вядуць увесь комплекс палявых работ. Тым самым закладваецца трывалы падмурак для новых вытворчых здабыткаў.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.