Вучні Аляксандра Цялегіна заўжды трымаюць удар

Існуе стэрэатып, што бокс звычайная бойка. Але спецыялісты пераконваюць: гэта спорт інтэлектуальны. Мала мець сілу, на рынгу трэба пастаянна думаць, каб знайсці слабое месца праціўніка і адначасова не прапусціць хук. 

А поспех навучання, як і ў любой справе, у многім залежыць ад настаўніка. Аляксандра Цялегіна боксам захапіў бацька. Потым юнак моцна пасябраваў з іншымі адзінаборствамі. Настойлівасць і працалюбства прывялі да поспеху. Аляксандр Ігаравіч двойчы станавіўся чэмпіёнам рэспублікі па каратэ, атрымаў у гэтай дысцыпліне званне майстра спорту. Паралельна займаўся самба, рукапашным боем і кікбоксінгам. Авалодаўшы практыкай, захацелася дзяліцца ведамі з іншымі. Так лёс прывёў жыткаўчаніна да трэнерскай работы. Сёння ён вядзе пяць груп адзінаборцаў. Любоў да фізкультуры шматдзетны бацька прывівае і ўласным сынам.

– Спорт для мяне хобі і праца, – такое супадзенне інтарэсаў выкладчык ДЮСШ лічыць шчаслівым. – Рады вучыць падрастаючае пакаленне. Загартоўка цела і характару для юнакоў вельмі важная рэч і заўжды на карысць. Асабліва зараз, у эпоху засілля інтэрнэту.

У асобе трэнера спалучаецца і псіхолаг, і педагог, і спартсмен, для якога не існуе добрых і дрэнных выхаванцаў. Ён зацікаўлены ў развіцці кожнага, хто прыйшоў у секцыю. Сярод выпускнікоў Цялегіна ёсць майстры спорту і кандыдаты. А з цяперашніх вучняў асабліва радуе Рыгор Аліфяровіч, які летась у сваёй групе стаў чэмпіёнам вобласці па боксу.

За шматгадовую добрасумленную працу імя Аляксандра Цялегіна занесена на раённую Дошку гонару.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.