ААТ “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы” нарошчваюць кармавыя запасы.

Калектывы акцыянерных таварыстваў “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы” ўпэўнена нарошчваюць кармавыя запасы. У гаспадарках усё падпарадкавана гэтай задачы.

– Травы першым укосам нам неабходна прыбраць з двух тысяч 800 гектараў, – расказвае намеснік кіраўніка сельгаспрадпрыемства па вытворчасці Уладзімір Васюкевіч. – З работай справіліся на плошчы болей як на паўтысячы гектарах. У траншэі ўжо закладзена каля трох тысяч тон сенажу. У ААТ «Дзякавічы» нарыхтоўка корму вядзецца звыш вызначанага задання.

У ААТ добра падрыхтаваліся да касавіцы. На сенажацях працуе дастатковая колькасць высокапрадукцыйнай тэхнікі. У прыватнасці, на здрабненні валкоў задзейнічаны два імпартныя комплексы, з якімі паспяхова ўпраўляюцца механізатары Аляксандр Торчык і Аляксандр Макарэвіч. Штодня на перавозку “зялёнкі” прыцягваюць па 11-12 адзінак трактароў. Каб гэтыя тэхнічныя магутнасці не прастойвалі, травы для правяльвання ў пракосы кладуць механізатары Вадзім Макарэвіч і Аляксандр Купрацэвіч.  Для таго, каб валкі хутчэй сохлі не пакладаюць рук Сяргей Макарэвіч, Мікалай Макарэвіч, Уладзіслаў Малькевіч.

Дарэчы, апошні з’яўляецца начальнікам майстэрні гаспадаркі. Але спецыялісты пры недахопе рабочых рук не цураюцца садзіцца за руль трактароў і нароўні з падначаленымі шчыраваць на палях і сенажацях. Той жа намеснік дырэктара Уладзімір Васюкевіч старанна сеяў усю вясну кукурузу. Яе пасевы занялі 3265 гектараў, што больш як летась амаль удвая.

Значныя змены ў акцыянерных таварыствах за апошні час прыцярпелі і травяныя ўгоддзі. Люцэрна, канюшына, іншыя бабовыя культуры цяпер займаюць асноўныя плошчы. Менавіта з іх у сельгаспрадпрыемствах і пачалі нарыхтоўку сенажу. Зараз яго закладка вядзецца з люцэрны, клін якой раскінуўся на сямсот дзесяці гектарах.

– Усе гэтыя травы здольныя даваць па чатыры і болей укосаў, – адзначае Уладзімір Васюкевіч. – На жаль, майскія замаразкі не далі магчымасці мець паўнацэнны першы з іх, але спадзяюся, што іншыя будуць намнога важэйшымі.

Са спецыялістам пагаджаецца і механізатар Аляксандр Торчык. Яго ВИХ да апошняй травінкі падбірае валок, нават не напружваючыся.

– За два дзясяткі гадоў давялося працаваць на многіх машынах, у тым ліку і на кормаздабываючых, але з цяперашнім камбайнам іх не параўнаць.  У кабіне прасторна, пра камфортны мікраклімат клапоціцца кандыцыянер, неабходную інфармацыю падказвае камп’ютар, – не хавае задавальнення Аляксандр. – Безумоўна, на такой тэхніцы працаваць дрэнна проста сорамна.

Мэтанакіраваная  дзейнасць калектываў акцыянерных таварыстваў па стварэнні належнай кармавой базы прыносіць добры плён у жывёлагадоўлі.

– Грамадскі статак гаспадаркі налічвае 4305 галоў, у тым ліку 1834 каровы, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – Плануем мець для яго не меней як па трыццаць тры цэнтнеры карамавых адзінак у разліку на адну ўмоўную галаву. Гэта дасць магчымасць атрымліваць круглы год высокія надоі. Напрыклад, зараз аддача ад каровы складае на фермах ААТ «Дзякавічы» – 13,4, а «Прыазёрскае-Агра» – 18,6 кілаграма сырадою. На марохараўскім МТК – амаль дзявятнаццаць кілаграмаў. У параўнанні з мінулым годам і па “Прыазёрскаму-Агра”, і па “Дзякавічах” маем адчувальную прыбаўку малака, адпаведна 172,8 і 129,6 працэнта.

У акцыянерных таварыствах клапоцяцца не толькі аб колькасным складзе кармавой базы, а таксама аб яе якасці. Кантроль за гэтым з боку спецыялістаў вельмі пільны. Варта адзначыць, што ў траншэю маса паступае ў прасушаным выглядзе з дабаўкай кансервантаў. Убіраюцца травы ў фазе бутанізацыі і квецені, што станоўча ўплывае на спажыўнасць сенажу. Пастаянна правяраецца вільготнасць “зялёнкі”, яна шчыльна трамбуецца. У дзень наведвання сельгаспрадпрыемства гэтай справай былі заняты Пятро Папоў і Вячаслаў Купрацэвіч, які прыбыў на дапамогу мясцовыым корманарыхтоўшчыкам з “Жыткавічыхімсервіса”.

Дастатак травяністага фуражу – адна з умоў для развіцця ў акцыянерных таварыствах грамадскай жывёлагадоўлі, бо на падыходзе ўвядзенне ў эксплуатацыю яшчэ аднаго буйнога малочнатаварнага комплексу.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.