ДАПАМАГАЮЦЬ СТАЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛАМ

Нават у летнюю пару, калі ў навучальных установах раёна канікулы, Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу не спыняе сваёй дзейнасці. На цяперашні час у яго аўдыторыях набываюць патрэбныя для гаспадарчага комплексу рэгіёна прафесіі больш як паўсотні чалавек.

— Зараз мы навучаем дзве групы, — расказвае намеснік дырэктара Цэнтра Эдуард Паддубскі. — Дваццаць шэсць чалавек  асвойваюць спецыяльнасць стропальшчыкаў, а трыццаць — аператара ( машыніста) кіраваннем кранам з падлогі. Усе гэтыя людзі пасля праслухоўвання курса адпаведных прадметаў увальюцца ў калектывы, якія накіравалі іх на вучобу. У большасці выпадкаў наша ўстанова менавіта працуе па заяўках арганізацый і прадпрыемстваў, якія і накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў, каб мець уласны  неабходны кадравы патэнцыял.

Сапраўды, уся работа калектыву Цэнтра скіравана на запыты мясцовага рынку працы. Хаця варта сказаць, што кіраўніцтва навучальнай установы пастаянна імкнецца пашыраць межы ўплыву і на суседнія рэгіёны, каб і адтуль  мець прыток навучэнцаў. Па словах Эдуарда Мікалаевіча, гэта ўдаецца, што станоўча адбіваецца на паказчыках работы. За паўгода ў Цэнтры падрыхтавалі 10 вадзіцеляў колавых трактароў катэгорыі “А”. Дваццаць дзевяць механізатараў пасля вучобы атрымалі катэгорыі з правам працаваць на энерганасычаных трактарах і трыццаць — на самаходных машынах.  Выкладчыкі Цэнтра дапамаглі павысіць кваліфікацыю і ўдасканаліць навыкі шасцідзесяці работнікам жывёлагадоўчай галіны. Стараннасць пры выкананні абавязкаў праяўляюць майстры па жывёлагадоўлі Алена Агіевіч, па механізацыі Сяргей Макаранка, Максім Грамовіч.

Каб веды выпускнікоў адпавядалі самым сучасным патрабаванням, кіраўніцтва ўстановы актыўна супрацоўнічае са спецыялістамі розных службаў і прадпрыемстваў. Напрыклад, для правядзення заняткаў запрашаюцца інструктары  вядучых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі краіны. Яскравы доказ сумеснай дзейнасці — праведзеная вучоба з персаналам НПС “Тураў” па эксплуатацыі электраінвентара. Прыцягненне да працэсу інспектара раённай энергагазінспекцыі Васіля Нямчэні і старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларысы Фраловай далі магчымасць усебакова асвятліць абраную тэматыку, дапамаглі рабочым станцыі не толькі даксканала асвоіць матэрыяльную частку абсталявання, але і азнаёміцца з правіламі бяспечнай работы на ім. Дарэчы, такая грунтоўная падрыхтоўка практыкуецца падчас авалодвання кожнай прафесіяй. Для чаго выкладчыкамі вядзецца пастаяннае абнаўленне вучэбных праграм, каб яны адпавядалі рэаліям нашага часу.

— Работы наперадзе яшчэ шмат, — гаворыць намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Эдуард Паддубскі. — У планах падрыхтоўка  спецыялістаў для працы з газонакасілкамі і бензапіламі,  слесараў па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама павышэнне кваліфікацыі аператараў кацельняў , і жывёлаводаў і іншых спецыялістаў.

Паспяховаму навучанню спрыяе не толькі належная арганізацыя працэсаў, але і тое, што калектыў Цэнтра пастаянна клапоціцца пра развіццё ўласнай базы. Нядаўна тут сваімі сіламі зроблены рамонт у класах, запланавана замена абсталявання ў кацельні, набываюцца розныя дапаможнікі. Адным словам, прыкладваюцца належныя намаганні, каб на вытворчасць са сцен установы прыходзілі сапраўдныя прафесіяналы.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.