Крокі ў прафесію Дар’і Піліпейка

У Дар’і Піліпейка знаёмства са старажытным Туравам адбылося яшчэ ў гады яе студэнцтва. Навучэнкай Рэчыцкага ветэрынарнага каледжа яна разам з аднакурснікамі прыехала ў горад, каб падзівіцца на яго славутасці.

У мясцовую гаспадарку, акцыянернае таварыства “Тураўшчына” Дар’я Іванаўна прыехала праходзіць пераддыпломную практыку. Будучаму ветфельчару ўсё адразу спадабалася. Найперш, адкрытасць і дабрыня работнікаў фермы і спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны, якія адразу сталі апякаць калегу, дапамагаць ёй набірацца вопыту. З умовамі працы таксама пашанцавала – прызначылі Дашу на новы сучасны малочнатаварны комплекс “Казаргаць-2”. Несумненна, пры такім раскладзе дзяўчына яшчэ больш палюбіла абраную прафесію. Калі ж прыйшла пара размеркавання ў навучальнай установе, адназначна папрасілася ў ААТ “Тураўшчына”.

Вось ужо год Дар’я выконвае нялёгкія абавязкі ветфельчара ў адным з буйнешых структурных падраздзяленняў жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемства. Кіраўніцтва і радавыя працаўнікі комплексу хваляць спецыяліста за стараннасць і працавітасць, грунтоўныя веды і добразычлівы характар.

– Работы на ферме заўсёды хапае, – расказвае пра сваю дзейнасць Дар’я Іванаўна, – але на гэта не наракаю. Прафесію сама выбірала, ды і аб хлебе жывёлавода ведаю з маленства. Маці – аператар машыннага даення. Таму імкнуся выконваць ускладзеныя абавязкі належна.

Кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася, каб  малады спецыяліст трывала замацаващся на вытворчасці. Надзяліла яго жыллём, стварыла ўмовы для прафесійнага росту. І Дар’я гэтым карыстаецца. Ужо год навучаецца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Атрыманыя веды актыўна спалучае з практыкай. А гэта прамое сведчанне таго, што дзяўчына зрабіла правільны выбар працоўнага шляху, з якога не збіраецца зварочваць. Прыклад Дар’і таксама пераканаўча даказвае,  калі да абранай справы адносішся з душою, то любая спецыяльнасць становіцца прэстыжнай, а чалавек карыстацца заслужанай павагай.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.