Павесяліліся на Сёмуху

Перад вы-хаднымі танцавальная зала гарадскога Цэнтра культуры часова ператварылася ў сялянскую хату. Вясковы каларыт стварыла мастак узорнага лялечнага тэатра “Цудадзейнікі” Наталля Лагун.

А падставай для творчага натхнення стала  Сёмуха, з нагоды якой артысты народнага ансамбля “Жытніца” і народнага аматарскага аб’яднання “Маскі” зладзілі цудоўнае тэатралізаванае прадстаўленне.

Вядучая Таццяна Яўлаш перад дзеяй падрабязна расказала прысутным аб значэнні гэтага свята.

— Ужо ў пачатку людзі пачыналі ўпрыгожваць дамы і пабудовы, усцілалі аерам падворак і ганак, — нагадвала гасцям Таццяна Аяксандраўна. — Усе гэтыя магічныя дзеянні павінны былі перанесці энергію раслін на людзей. Пазбавіць іх ад хвароб, даць моц перад цяжкай летняй працай, а таксама выклікаць дождж, каб вырас багаты ўраджай.

Менавіта гэты зачын і стаў асновай тэатралізаванай пастаноўкі. Разгарнулася яна  са сцэны, калі гаспадыня і яе дачка  старанна ўпрыгожвалі хату раслінамі. Усё гэта рабілася з самымі найлепшымі пажаданнямі. Не сапсаваў настрой і візіт суседкі, якая адзначыла старанне гаспадароў. Яны ж з нецярпеннем чакалі прыход Куста і групы велічальнікаў. Далей самадзейныя артысты ўзнавілі іншыя старадаўнія традыцыі. У прыватнасці, успомнілі найбольш знакавыя прыкметы Сёмухі. А іх даволі шмат. У народзе казалі, што лепей за ўсё будаваць новы дом патрэбна пачынаць перад Тройцай, тады ён доўга стаяць будзе, а сям’я пражывае ў ім шчасліва. Многа розных прадказанняў на  гэты дзень звязана з бярозай. Удзельнікі мерапрыемства прадэманстравалі ўсё ў гульнях і віктарынах. Вельмі весела прайшоў конкурс “Вязанне венікаў”. Усё прадстаўленне было насычана музыкай і спевамі, і шматлікімі жартамі.

Несумненна, што мерапрыемства выклікала ў прысутных толькі станоўчыя эмоцыі і надало добры настрой. Відавочна, калектывы ўстановы культуры ў чарговы раз прадэманстравалі павагу да спадчыны продкаў, нагадалі маладому пакаленню аб тых традыцыях, якія бытавалі ў народным асяроддзі.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.