Працаўнікі АТ “Тураўшчына” вядуць назапашванне кармоў

Працаўнікі акцыянернага таварыства “Тураўшчына” поўным ходам вядуць назапашванне кармоў з траў першага ўкосу. У кожным структурным аддзяленні гаспадаркі, Азяранскім і Верасніцкім, задзейнічаны па адным кормаздабываючым атрадзе, якія ўкамплектаваны ўсёй неабходнай тэхнікай. Таму  работа ў механізатараў спорыцца.

У дзень наведвання сельгаспрадпрыемства корманарыхтоўшчыкі Верасніцкага вытворчага ўчастка ўбіралі на сянаж люцэрну. Палеткі з  ёю раскінуліся паабапал шашы паміж вёскамі Запясочча і Вароніна. Ужо з дарогі было выдатна відаць, наколькі плённа ладзяцца справы ў мясцовых механізатараў і вадзіцеляў. На адным з палёў скошаная трава правяльвалася ў валках. Работнікі  перыядычна  падварушвалі іх, каб ацаніць стан падсыхання культуры. На другой плошчы касьбу бесперапынна вялі Іван Ракавец і Васіль Гардзейчык (на здымку). Менавіта ад іх руплівасці залежыць, ці будуць забяспечаны работай іншыя спецыялісты атрада.

– Правяльванне – адна з важных тэхналагічных умоў, каб будучы корм меў высокую якасць, – расказвае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэй Сцяпанаў. – Змяльчэнне масы пачынаем толькі тады, калі яе вільготнасць не стане 50-60 працэнтаў. Таксама, каб фураж лепей захоўваўся, абавязкова ўводзім у яго кансерванты.

У кормаздабываючы атрад у згаданым аддзяленні таварыства ўключаны найбольш вопытныя і спрактыкаваныя механізатары і вадзіцелі. Сваё прафесійнае майстэрства яны не адзін год пацвярджаюць на розных участках сельгасработ, дабіваючыся высокіх вытворчых паказчыкаў. Таму зладжана шчыруюць вадзіцелі Мікалай Маркевіч, Мікалай Касач, Уладзімір Пятрычыц і механізатары Фёдар Мажака, Аляксей Бохна (на здымку справа) на сенажацях і зараз.

– Работа пачынаецца з шасці раніцы, – знаёміць з распарадкам змены Фёдар Мажака, які працуе на КВК. – Спачатку здрабняем зялёнку на падкормку грамадскаму статку, а потым да позняга вечара назапашваем сянаж. Зараз выкарыстоўваем для гэтых мэт люцэрну, раней – азімую свірэпіцу.

– Штодзённа ў траншэі паступае каля трохсот тон масы, яшчэ сотня ідзе на фермы для прыгатавання кормасумесяў, – падагульняе дзённыя высілкі падначаленых Андрэй Мікалаевіч. – Аддачай усіх задаволены, кожны ўдзельнік “зялёнага жніва” імкнецца на сваім участку выкласціся па-максімуму. Адно турбуе – аддача сенакосных угоддзяў сёння намнога ніжэйшая, чым у мінулым годзе. Цяпер з гектара люцэрны атрымліваем па чатыры тоны правялянай масы замест сямі леташніх. На поймавых лугах  увогуле пакуль няма чаго касіць, бо надвор’е не спрыяе хуткаму росту траў.

Менавіта зыходзячы з гэтага мясцовыя працаўнікі і вядуць нарыхтоўку корму. Задача на бліжэйшы час – хутка скасіць і пакласці ў траншэі люцэрну. Яе ў таварыстве маецца васямсот гектараў. Культура даволі ўраджайная, за год дае па некалькі ўкосаў. Напрыклад, летась узялі чатыры. Колькі атрымаецца ў бягучым, пакуль не загадваюць, але ведаюць адно: усю плошчу патрэбна прыбраць як мага хутчэй, каб правесці падкормку мінеральнымі тукамі і ў сціслыя тэрміны атрымаць новы ўраджай. Таксама на сянаж і падкормкі жывёле ў сельгаспрадпрыемстве пасеялі 318 гектараў віка-аўсяных сумесяў і 500 проса. Пасля таго, як яны будуць скошаны, палі зноў засеюць травамі. Усё ж грамадскі статак таварыства даволі вялікі, на фермах утрымліваецца 12 тысяч пагалоўя, з якіх больш як тры з паловай тысячы – каровы. І каб жывёла мела багаты і спажыўны рацыён, а таксама радавала прадуктыўнасцю, патрэбна мець і дастатковую колькасць фуражу. Сёлета тураўскія корманарыхтоўшчыкі маюць намер назапасіць 15,5 тысячы тон сенажу, чатыры тысячы сена і 65 тысяч тон сіласу. Заданне не з лёгкіх, але па тым, як у таварыстве падыходзяць да яго выканання, можна верыць: поспех на сенажацях будзе забяспечаны.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.