Сплаў вопыту і маладосці

Душа калектыву і галоўны капітал Жыткавіцкага ПМС, па меркаванні яго кіраўніка Віктара Палуянава, гэта найперш людзі. Спецыялісты розных прафесій, якія на сваіх вытворчых участках не толькі бездакорна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі, але і моцна любяць тую справу, якой прысвяцілі ўласнае жыццё, а калег лічаць другой сям’ёй. Магчыма, крыху і ўзнёслае параўнанне, але менавіта такіх працаўнікоў Віктар Васільевіч лічыць сапраўднымі меліяратарамі, бо з асабістага вопыту выдатна ведае, што тут лёгкага хлеба не бывае, таму на прадпрыемстве пускаюць карані на многія гады толькі тыя, хто ў розных абставінах здольны супрацьстаяць цяжкасцям, кладучы свой талент, старанне, майстэрства на агульную карысць. Вось гэтымі якасцямі ў поўнай ступені і надзелены работнікі Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Ёсць на каго раўняцца

Сціпласць Віталія Малахі – гэта шырма, за якой крыецца вялікая колькасць заслуг, дасягнутых у Жыткавіцкім ПМС. Адно толькі ганаровае званне “Заслужаны меліяратар Беларусі” чаго вартае. Прысвоена яно чалавеку невыпадкова, а за плённую працу ў барацьбе з балотнай тванню на працягу больш як чатырох дзясяткаў гадоў. За гэты перыяд яму даводзілася сутыкацца з рознымі сітуацыямі, займаць многія пасады, але спецыялісту ніколі нават думка не прыходзіла, каб пакінуць арганізацыю. І чым больш Малаха авалодваў сакрэтамі майстэрства, тым  мацнейшым станавілася яго перакананне, што зроблены правільны жыццёвы выбар і ніколькі несорамна за пройдзены шлях у меліярацыі. А яго накоплены вопыт, які, так бы мовіць, за плячыма не насіць, цяпер маладымі калегамі вельмі цэніцца і пераймаецца.

Зараз Віталь Рыгоравіч з’яўляецца начальнікам участка. А гэта 25 помпавых станцый (трэцяя частка ад абласной колькасці такіх аб’ектаў знаходзіцца ў нашым раёне), паўсотні чалавек персаналу. Гэтыя людзі штодзённа абслугоўваюць абсталяванне і ладзяць работу збудаванняў. Па словах Малахі, сярод іх нямала тых, хто шчыруе бесперапынна машыністамі помпавых установак па дваццаць і болей гадоў. Гэта Міхаіл Агіевіч, Мікалай Кочка, Андрэй Агурцоў, Мікалай Макарэвіч (стаж 23 гады), Сяргей Дзербянёў, Леанід Кадоліч (22 гады), Ігар Кузьміч (24 гады), Пётр Скалпешкін (21 год). У такім прафесійным “доўгажыхарстве” закладзены яшчэ адзін сакрэт знітаванасці і паспяховасці работнікаў прадпрыемства, бо павучыцца, сапраўды, ёсць у каго.

Трыццаць гадоў падтрымлівае ў парадку асушальныя сістэмы раёна і начальнік першага вытворчага ўчастка Ганна Макарэвіч. Прыйшла на прадпрыемства адразу пасля заканчэння тэхнікума ў Пінску. На пытанне аб тым, чым жа так прывабная ёй меліяратарская справа, пасля нядоўгага роздуму, жанчына адказвае:

— Важнасцю для грамадства, бо мы ж паўсядзённымі клопатамі павышаем урадлівасць зямлі. А яшчэ шчырасцю стасункаў у калектыве, якія  зацягваюць, нібы багна, у той вадаварот супольнай дзейнасці, якой уласцівы і пэўны рамантызм, і ўзаемавыручка, і падтрымка, без чаго з гадамі ўжо не ўяўляеш існавання.

І кожнаму са згаданых працаўнікоў яны патрэбны, як паветра. Асабліва гэта адчуваецца, калі работнікі бачаць, што высілкі іх не марныя, а толькі спрыяюць развіццю прадпрыемства і паляпшэнню  асабістага дабрабыту. І ў тым ёсць праўда і жыццёвы сэнс. Жыткавіцкае ПМС за апошні перыяд зрабіла значныя крокі ў гэтым напрамку. Напрыклад, Віталь Малаха прыйшоў сюды, калі яшчэ вытворчая база арганізацыі месцілася ў адным пакойчыку і вагончыках. Па ўспамінах Ганны Макарэвіч, калі  пачынала яна, была толькі адна касілка, а ўсю траву на каналах  і вакол аб’ектаў збівалі ўручную. Цяпер у арганізацыі цудоўная вытворчая база, стабільнае эканамічнае становішча, сучасная тэхніка, а галоўнае — упэўненасць у будучыні. Усё гэта здабыта сумленнай працай мазалёвай, хто застаўся верным абранай справе. Дарэчы, клопаты кіраўніцтва аб рабочых не засяроджваюцца толькі на стварэнні добрых умоў на вытворчасці. Пастаянна ў цэнтры ўвагі і ўдасканаленне быту, захаванне бяспекі працы,  прапаганда здаровага ладу жыцця і іншае. Тая ж футбольная каманда “Меліяратар”, што зараз выступае ў другой лізе чэмпіянату краіны, таксама з’яўляецца адным са сродкаў згуртавання калектыву. Ініцыятыву тут праявіў інжынер па ахове працы Юрый Ахрамовіч, які і курыруе новы праект. А таксама натхняе калег на здаровы лад жыцця. І такія намаганні адміністрацыі цэняцца падначаленымі, бо скіраваны на ўсталяванне адпаведнага мікраклімату паміж  супрацоўнікамі.

У меліяратары — сем’ямі

Ва ўсіх іх свой шлях, які прывёў на прадпрыемства. Напрыклад, сужэнцы Рыгор і Таццяна  Гічко, прыйшлі ў меліярацыю амаль адначасова. Гэта без уліку васьмі гадоў мужа, якія ён адпрацаваў у арганізацыі перад тым, як перайшоў служыць у вайсковую часць. Калі яе расфарміравалі, вярнуўся назад, але ўжо з жонкай. Ён рупіцца вадзіцелем па перавозцы небяспечных грузаў, яна — бухгалтарам. Агульны стаж сям’і Гічко ў ПМС перавышае паўвека. Таму бывае, што сямейныя вячэры або сняданкі ператвараюцца ў вытворчыя планёркі. І гэта не ад таго, што няма іншых тэм і заняткаў. Работы дома заўсёды хапае: і ў кватэры, і з унукамі паняньчыцца хочацца, дзяцей наведаць, але атрыманыя на працы эмоцыі яшчэ доўга не адпускаюць пасля яе. Тым больш пры такім раскладзе і радасць ад асабістых поспехаў значнейшай атрымліваецца, і разам лягчэй няўдачы пераадолець. Адным словам, вось такая  падтрымка ад работы.

Складваюцца ў меліяратараў і сямейныя дынастыі. Поруч працуюць бацька і дачка Страцій. Яраслаў Сямёнавіч — вопытны спецыяліст, круціць баранку аўтамашыны трыццаць тры гады, Ала пасля вучобы ўжо шэсць гадоў напрацавала. У абодвух адказныя пасады. Яна — спецыяліст па кадрах, ён — вадзіцель. Тым, як дынастыя выконвае свае абавязкі, кіраўніцтва задаволена. Сярод тых, каму дапамагаюць сваяцкія сувязі ў рабоце, інжынер-гідратэхнік Віктар астаповіч і яго сын Дзмітрый, аглядчык гідратэхнічных збудаванняў, а таксама бацька і сын Леанід і Ігар Жычкі. Бясспрэчны факт: калі  на ПМС уладкоўваюцца сем’ямі, значыць, што там ёсць  спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі ў прафесійным плане.

Будучыня ў надзейных руках

За час кіравання Віктарам Палуянавым прадпрыемствам меліярацыйных сістэм на яго вачах вырасла ў сапраўдных майстроў цэлае пакаленне спецыялістаў.  Гэта па ўзросту параўнальна маладыя кадры, але па спрактыкаванасці яны не саступаюць вопытным работнікам. Віктар Васільевіч добра памятае, як прыйшоў у арганізацыю Вадзім Асіпенка. Прызначылі памочнікам экскаватаршчыка і не шкадуюць. Спецыяльнасць настолькі захапіла мужчыну, што ён за невялікі тэрмін асвоіў складаную тэхніку і навучыўся дасканала з ёю упраўляцца. Закончыў нават каледж у Калінкавічах. Прайшло   адзінац-цаць гадоў і Вадзіма Аляксандравіча цяпер ведаюць у  многіх ПМСах вобласці, куды часта ездзіць на дапамогу калегам. Прычым, на вынікі яго дзейнасці ніколі не паступае нараканняў, што, зразумела, пазітыўна адбіваецца на выручцы, якая паступае штомесяц на рахункі жыткавіцкага прадпрыемства.

Універсальным механізатарам называюць у калектыве Сяргея Сазонава. Ён можа і экскаватарам кіраваць, і з трактарам у счэпе з касілкай ці іншым інвентаром управіцца. Трынаццаць гадоў у меліярацыі  для Сяргея Мікалаевіча не прайшлі бясследна. Імпануе яму дух калектывізму, што  склаўся на прадпрыемстве.

— Заўсёды гатовыя прыйсці адзін аднаму на выручку, — зазначаюць машыністы экскаватараў. — Гэта вельмі дапамагае ў рабоце.

Узышоў на прафесійную вяршыню майстэрства ў калектыве і зваршчык Раман Бугук. Яго рукам падуладны самы складаны рамонт. Любое абсталяванне або машына, якая трапляе на “лячэнне” да Рамана Леанідавіча, выходзіць з яго рук, нібы лялька. Не толькі незамянімы чалавек у майстэрні, але і шмат робіць па добраўпарадкаванні тэрыторыі арганізацыі, якая застаўлена малымі архітэктурнымі формамі, вырабленымі з падручнага матэрыялу. Дарэчы, і ў вольны час Бугука можна бачыць са зварачным апаратам — любіць вырабляць розныя рэчы для быту.

— Мы ганарымся поспехамі кожнага працаўніка, які шчыруе ў нашым калектыве, — адзначае Віктар Палуянаў, — бо паважлівыя адносіны, высокая ацэнка заслуг – гэта тая аснова, на якой узвышаюцца пашана і аўтарытэт да людзей, што горда называюць сябе меліяратарамі. Пастаянна гэтае перакананне гартуецца ў Жыткавіцкім ПМС са сплаву вопыту і маладосці.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.