У бок прагрэсу і станоўчых перамен

Сельскагаспадарчая галіна рэгіёна даволі ўпэўнена нарошчвае свой вытворчы патэнцыял, чаму садзейнічае шматгадовая і ўсебаковая падтрымка дзяржавы, а таксама старанне вяскоўцаў. Вынік такога спалучэння і прыносіць станоўчы плён на грамадскіх палетках і фермах.

 

Курс – на развіццё

Моцным штуршком для гэтага стала распрацаваная  на аснове рэспубліканскай і прынятая ў раёне ў 2005 на пяцігодку  праграма адраджэння і развіцця вёскі. Намечанай мэты планавалася дасягнуць найперш праз узмацненне аграрнай эканомікі. На той час яна была не ў лепшым стане. На пачатак 2005 года ў грамадскім сектары налічвалася 21299 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 7871 карова. У параўнанні з 1990 яно знізілася на 61 і 45 працэнтаў адпаведна. Энерганасычанасць гаспадарак за гэты час паменшылася на 35 працэнтаў у параўнанні з 1990-ым. Зношанасць асноўных сродкаў на сельскагаспадарчай вытворчасці  дасягнула 58 працэнтаў, таму ў гаспадарках не паспявалі ў аптымальныя тэрміны праводзіць сяўбу, догляд за раслінамі, уборку і нарыхтоўку кармоў. Безумоўна,  пры такіх умовах разлічваць на высокія паказчыкі было немагчыма. Так, ўраджайнасць збажыны 15 гадоў таму атрымана толькі 22,1 цэнтнера з гектара. Сярэдні надой ад каровы складаў 2378 кілаграмаў, а сярэднесутачныя прывагі – 429 грамаў.

Відавочна,  аграрная вытворчасць патрабавала кардынальных перамен. І яны насталі. На палетках гаспадарак з кожным годам павялічвалася колькасць высокапрадукцыйнай тэхнікі. У некаторыя гады ў машынна-трактарныя паркі паступала сотня і болей адзінак разнастайных машын і агрэгатаў. Прычым, набываліся не толькі айчынныя, але і замежныя, што дазваляла вяскоўцам працаваць намнога тэхналагічней, а, значыць, і павялічыць аддачу палёў. Доказам таму, напрыклад, з’яўляюцца мінулагоднія вынікі работы. Так, збажыны з кожнага гектара атрымалі па 27,6 цэнтнера, а валавы намалот склаў 33,4 тысячы тон. У такіх сельгаспрадпрыемствах як сялянская гаспадарка М.Р. Шруба і акцыянернае таварыства “Тураўшчына” на круг увогуле сабралі па 54,5 і 48,3 цэнтнера зерня. Да таго ж, гэты паказчык ужо стабільна дасягаецца некалькі гадоў запар. Перамены закранулі і такія галіны, як садаводства і агародніцтва. У ААТ “Тураўшчына” і сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба не толькі навучыліся атрымліваць высокія ўраджаі і якасную прадукцыю, але і належна яе захоўваць і рэалізоўваць. Для гэтага сельгаспрадпрыемствы абзавяліся сучаснымі агароднінасховішчамі. Карэнная мадэрнізацыя закранула і перапрацоўку. У прыватнасці, новае абсталяванне ўстаноўлена ў філіяле “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына”. Перапрацоўку мяса і агародніны наладзіў і фермер.

 

Сучасныя тэхналогіі

Значны плюс назіраецца і ў рабоце жывёлагадоўлі. Калі раней працаўнікі грамадскіх ферм Жыткаўшчыны  з вынікамі сваёй дзейнасці ў агульнарэспубліканскім рэйтынгу, вобразна кажучы, пляліся ў хвасце, то цяпер займаюць месца ў верхняй палове вытворчай табліцы. Гадоў пятнаццаць назад надаіць ад каровы чатыры тоны малака, атрымаць паўкілаграмовыя прывагі было бліскучым вынікам. Зараз жа для некаторых гаспадарак гэта абыдзенная з’ява. У прыватнасці,  на малочнатаварным комплексе сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба аператары ўжо нацэльваюцца на больш як па дзесяць тон малака. У ААТ “Тураўшчына” ёсць фермы, дзе прадуктыўнасць кароў перавышае сем тон у год. А ў сярэднім гэтае сельгаспрадпрыемства мае надой больш як пяць з паловай тысяч кілаграмаў ад каровы. Значна ў вытворчасці малака прыбавілі КСУПы “Коленскае” і “Бялёў”, ААТ “Людзяневічы” і “Прыазёрскае-Агра”. І гэта невыпадкова, бо на грамадскія фермы прыйшлі сучасныя тэхналогія. У раёне сталі будавацца новыя малочнатаварныя комплексы, рэканструіравацца фермы, палепшыліся кармавая база, работа па ўзнаўленню статка, іншыя працэсы. Гэта станоўча паўплывала на вытворчыя паказчыкі. Сёння толькі за адзін дзень сельгаспрадпрыемствы на перапрацоўку пастаўляюць прыкладна паўтары сотні тон прадукцыі, для чаго раней патрабавалася некалькі сутак. Колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы пераваліла ў гаспадарках за трыццаць тысяч, а кароў – за дзесяць тысяч. І справы ў згаданым накірунку працягваюцца. Пераканаўча аб тым сведчыць узвядзенне МТК на дзве з паловай тысячы галоў дойнага статка ў ААТ “Дзякавічы.

 

Жыць камфортна

Развіццё вёскі вялося комплексна і закранала не толькі вытворчую сферу, але і сацыяльную. У раёне з’явіліся паселішчы новага тыпу – аграгарадкі. Так бы мовіць, тут другое жыццё атрымалі ўстановы культуры, адукацыі, аховы здароўя. Пабольшала і парадку на вуліцах. Прыкладаў таму безліч. Узведзены школы ў аграгарадку Кольна і вёсцы Хільчыцы. Капітальна аднавіліся навучальныя ўстановы ў Верасніцы, Запясоччы, Азяранах. Для працаўнікоў і спецыялістаў сельгасвытворчасці забураваны цэлыя вуліцы мураваных дамоў у аграгарадках. Гаспадаркі сталі асвойваць і новы від дзейнасці – агратурызм. Для гэтага развіваюць неабходную інфраструктуру: турыстычныя комплексы і аграсядзібы.

Канечне, на ўсім шляху адраджэння вясковага жыцця не абыходзілася без праблем. Маюцца яны і зараз, але паспяховае іх вырашэнне — гэта чарговы крок  у бок прагрэсу і станоўчых перамен, на якія нацэлена нашае грамадства.

Сяргей Белка

Здымкі ілюстрацыйнага характара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.