Пахнуць класы свежай фарбай

Пакуль дзеці бавяць канікулярны час, тэхперсанал рыхтуе ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. У Жыткавіцкай сярэдняй школе №1 імя Рыгора Тураўца гэтымі днямі завяршаецца касметычны рамонт памяшканняў.

Каб 1 верасня вучні прыйшлі ва ўтульныя аўдыторыі, стараецца калектыў з двух дзясяткаў чалавек.

— Усе нашы уборшчыцы, лабаранты і работнікі сталовай на некаторы час ператвараюцца ў маляроў і тынкоўшчыкаў, — праводзячы экскурсію, расказвае пра аб’ёмы работ загадчык па гаспадарчай частцы Таццяна Чарнашэвіч. — Іхнімі рукамі прыведзены ў парадак 35 класаў, спартыўная зала, сталовая, лесвічныя маршы і рэакрыяцыі. Фарбуем, белім, мыем, чысцім літаральна кожны метр.

Уявіце, сумарная плошча толькі  калідораў школы складае 820 квадратаў, па кожнаму з якіх павінна рупна прайсціся кістка з эмаллю ці валік. Старт падрыхтоўчай кампаніі тут далі 20 чэрвеня, адразу пасля завяршэння аздараўленчага лагера, а скончыць яе патрэбна да канца месяца. Прыёмка гарадскіх устаноў назначана на 29 ліпеня.

Будаўнічыя матэрыялы сёлета набывалі за бацькоўскія ахвяраванні ды пазабюджэтныя грошы, заробленыя на платных паслугах і здачы другаснай сыравіны. За кошт праграмы летняй занятасці вучняў удалося абнавіць 50 парт і сотню стулаў. Таццяна Браніславаўна расказала яшчэ пра адзін добры прыклад: повар установы Ірына Галавач напярэдадні водпуску па ўласнай ініцыятыве самастойна адрамантавала кабінет замежнай мовы. Так жанчына выказала сваю ўдзячнасць калектыву за навучанне дачкі Насці.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.