Першыя намалоты радуюць

Рапсавы палетак раёна сёлета вымяраецца 396 гектарамі. Трыста восем з іх належаць акцыянернаму таварыству “Тураўшчына”. У гаспадарцы прынялі вычарпальныя захады, каб убраць алейную культуру без страт.

Абмалот рапсу пачалі на выхадных. Як расказаў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэй Сцяпанаў, для паскарэння тэмпаў работы задзейнічалі адзінаццаць камбайнаў, што дало магчымасць адразу працаваць у двух структурных падраздзяленнях – Верасніцкім і Азяранскім.  На палетках апошняга давялося пабываць у нядзелю.  Камбайнеры Аляксандр Кот, Віталь Андрэцкі, Віталь Сімончык і Аляксандр Леўкавец упэўнена вялі абмалот алейнай культуры.

– Ураджай радуе, – гаворыць Віталь Андрэцкі, – таму і выпрацоўка высокая. За дзень з дзясятак бункераў набіраю, гэта прыкладна тон пад пяцьдзясят. Добра наладжана і адвозка, што таксама спрыяе паспяховай дзейнасці.

– Канечне, убіраць рапс значна складаней, чым збажыну, – з веданнем справы далучаецца да размовы камбайнер Аляксандр Кот. – Каб мець добры вынік, патрэбна больш грунтоўна наладзіць тэхніку, правесці яе герметызацыю, каб не дапускаць страт.

Тым, як вядзецца ўборка рапсу ў структурным падраздзяленні, задаволеная і аграном Вольга Меляшчэня.

– Бягучы год не самы спрыяльны для гэтай  алейнай культуры, – расказвае спецыяліст, – але мы пастараліся. Своечасова правялі падкормкі, доглядныя мерапрыемствы. Напрыклад, хімпраполкі рабілі некалькімі спосабамі і рознымі прэпаратамі. Таму і аддачу маем адпаведную. На пэўных участках ураджайнасць сягае пад сорак цэнтнераў.

– На жаль, не ўсюды такая аддача рапсавага гектара, – падсумоўвае намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Андрэй Сцяпанаў. – Але ў цэлым па гаспадарцы намалочваем па дваццаць тры цэнтнеры алейнага насення. Яго валавы збор ужо складае больш як паўтысячы тон. Гэта дазволіць паспяхова справіцца з дзяржзаказам, які нам даведзены ў памеры больш за трыста шэсцьдзясят тон.  Таму ўвесь ураджай, які паступае з поля на ток, без прамаруджвання дапрацоўваецца да патрэбных кандыцый.

Уборка рапсу для мясцовых земляробаў з’яўляецца своеасаблівым стартам да жніва. У акцыянерным таварыстве спадзяюцца на добрую аддачу хлебнай нівы. Выгляд палеткаў азімай пшаніцы, якой у сельгаспрадпрыемстве занята тры тысячы гектараў,  надае ў гэтым упэўненасці. Як заўважыў камбайнер Аляксандр Кот, будзе дзе развярнуцца іх уборачным агрэгатам. Тым больш што з абмалотам каласавых таксама марудзіць не стануць. Ужо ёсць участкі, на якіх можна распачынаць работу. Увогуле, у ААТ “Тураўшчына” да яе поўнасцю гатовыя: як тэхнічна, так і маральна.

Сяргей Белка

Фота Святланы

СЕВАСЦЬЯНАВАЙ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.