Абапіраючыся на грамадскасць

— Зараз як ніколі народ Беларусі мае патрэбу ў кансалідацыі, мы павінны наладжваць канструктыўны дыялог з усімі слаямі насельніцтва. Праца з людзьмі даволі складаная, але разам з тым і ўдзячная, — падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, прымаючы ўдзел у семінары старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, які прайшоў на Жыткаўшчыне.

Вялікая роля

аб’яднанняў

Пачалося мерапрыемства з плянарнага пасяджэння. Намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі прааналізаваў дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў у вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва. На тэрыторыі рэгіёна створана 431 структура такіх фарміраванняў:  БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Чырвоны Крыж, ветэранская арганізацыя, прафсаюзы. У цэнтры ўвагі кожнай з іх стаіць чалавек, а работа будуецца па розных накірунках: ад узделу ў палітычных кампаніях, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі да прапаганды здаровага ладу жыцця, патрыятычнага выхавання, абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і шмат іншых. Выступоўца згадаў нямала добрых спраў, якімі вызначаюцца грамадскія суполкі, падкрэсліўшы іхнюю ролю ў развіцці нашай дзяржавы. Але разам з тым адзначалася, што спыняцца на дасягнутым нельга, патэнцыял падобных аб’яднанняў далёка не вычарпаны.

Наглядальныя камісіі і

сямейнае выхаванне

Практычная частка сустрэчы мела працяг у Людзяневічах. Старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Кулеш запрасіў калег на пасяджэнне наглядальнай камісіі. Пасля адбылася зацікаўленая размова аб тым, як павысіць эфектыўнасць работы па прафілактыцы надзвычайных сітуацый у жылым сектары. Вопытам дзяліліся кіраўнік мясцовай улады Юрый Волчык і намеснік начальніка РАНС Юрый Зубкоў. Потым аўтобус узяў кірунак у Вільчу. Дэпутаты-ўпраўленцы наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу Рудніцкіх. Сужэнцы за 11 гадоў на пасадзе прыёмных бацькоў выпусцілі столькі ж выхаванцаў. Зараз пад іхняй апекай знаходзяцца сямёра рабят, якія растуць у атмасферы дабрыні і клопату. У знак удзячнасці ўражаныя ўбачаным удзельнікі семінара перадалі вялікай сям’і падарунак і салодкае частаванне.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Васіль Лясько расказаў, як у нашым раёне арганізуецца работа з дзецьмі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Дзякуючы прымаемым да нядбайных бацькоў мерам удалося значна знізіць колькасць сацыяльных сірот. Калі ў 2005 годзе ў нас было 45 прыёмных сем’яў, то зараз усяго адзінаццаць (з іх 10 – у вёсках Людзяневіцкага Савета). З шасці да чатырох зменшыўся лік дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У інтэрнатныя ўстановы за ўвесь час перадалі ўсяго тры дзіцяці, якія мелі патрэбу ў спецыяльным медыцынскім доглядзе. Астатнія выхоўваліся і выхоўваюцца ў сваім раёне.

 

Самакіраванне –

дзейсная сіла

Наступнай кропкаю маршруту стала Юркевіцкая школа, дзе спачатку прывіталі чатырох першакласнікаў. На памяць ад дэпутатаў хлопчыкам дасталіся школьныя рукзакі і наказ добра вучыцца. У суправаджэнні дырэктара ўстановы Івана Гулюты і начальніка адзела адукацыі Таццяны Русай госці, прайшоўшы па класах, ацанілі іх падрыхтоўку да новага навучальнага года і стан размешчанага пад адным дахам дзіцячага садка. Яго, дарэчы, у свой час прыводзілі ў парадак талакою з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў. Кіраўнік аднайменнага Савета Алена Шпакевіч паведаміла пра шэраг другіх праектаў, якія ўдалося рэалізаваць пры актыўнай падтрымцы і непасрэдным удзеле грамадскасці. Апошні – па рамонту Азёрнаўскага ФАПа – зараз знаходзіцца на фінішнай прамой. Гэты Савет на Жыткаўшчыне з’яўляецца прыкладам плённага супрацоўніцтва ўлады і насельніцтва ў вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння. Старасты і члены жансавета, з якімі пазнаёміліся на семінары, – першыя памагатыя ўлады, своеасаблівыя яе праваднікі. Тутэйшыя органы грамадскага самакіравання жывуць па прынцыпу: перш чым патрабаваць, падумай, як ты сам можаш дапамагчы ў вырашэнні ўзнятай праблемы.

Па водгуках старшынь прадстаўнічай улады, семінар стаў карыснай вучобай. Мерапрыемства атрымала высокую ацэнку, з якога кожны ўзяў на ўзбраенне нешта карыснае для ўкаранення ў сваім раёне.

Святлана Шакалян 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.