Ала Субат дарыла землякам радасць і добры настрой

Азёрнаўскі сельскі дом культуры ў апошні дзень ліпеня быў перапоўнены. Жыхары пасёлка і шматлікія госці прыйшлі вечарам ва ўстанову, каб выказаць шчырыя словы падзякі Але Субат, жанчыне, якая ўсё жыццё дарыла землякам радасць і добры настрой, арганізоўвала цікавае і змястоўнае правядзенне вольнага часу, раскрывала тутэйшым людзям  непаўторную прыгажосць песеннай творчасці.

І вось настаў момант, калі  таленавітаму чалавеку прыйшла пара выйсці на заслужаны адпачынак. Несумненна, што ўсе, хто ведае Алу Іосіфаўну, пастараліся, каб у гэты дзень яна атрымала столькі станоўчых эмоцый, колькі аддала за сваю працоўную дзейнасць іншым. З гэтай нагоды аддзел традыцыйнай культуры і фальклору зладзіў развітальнае мерапрыемства.

Пасля ўрачыстага вітання вядучымі Надзеяй Некрашэвіч і Алай Бут-Гусаім, Ганна Субат пад апладысменты займае пачэснае месца на сцэне. А арганізатары свята знаходзяць усё новыя і новыя цёплыя і яркія эпітэты і параўнанні, якія ў поўнай ступені раскрываюць характар і жыццёвае крэда гэтай культработніцы. Лідар, аптыміст, чалавек шырокай душы, актывіст грамадскага жыцця, цудоўная жонка і матуля, прафесіянал у абранай справе – гэта толькі невялічкая часцінка добрых слоў у адрас Алы Іосіфаўны. Такія станоўчыя водгукі жанчына заслужыла шматгадовай стараннай і сумленнай працай.

Нарадзілася Алы Субат у рабочай сям’і ў 1962 годзе. Яшчэ, калі была маленькай вясёлай непаседай, дарослыя здзіўляліся яе таленавітасці. Асабліва насычаным на падзеі ў яе лёсе стаў 1980 год. Менавіта тады яна скончыла Юркевіцкую школу і мэтанакіравана паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. У гэты ж перыяд знайшла сваё каханне і выйшла замуж, а таксама ўпершыню пераступіла парог Азёрнаўскага сельскага дома культуры ў якасці мастацкага кіраўніка. Сорак гадоў на згаданай пасадзе праляцелі, нібы адно імгненне, напоўненае стваральнымі і карыснымі справамі. Пры актыўным удзеле спецыяліста ва ўстанове быў створаны фальклорны ансамбль “Водар”, выступленні якога карыстаюцца вялікім поспехам у гледачоў. Мерапрыемствы, якія ладзіла Іосіфаўна, заўсёды вызначаліся прыгажосцю, непаўторнасцю,  масавасцю. А свята “Дзень рыбака” ўвогуле стала візітоўкай дадзенай мясцовасці і ўстановы. Пры  непасрэдным удзеле мастацкага кіраўніка прадстаўнікі клубных фарміраванняў Азёрнаўскага цэнтра культуры пастаянна ўдзельнічалі ў разнастайных раённых конкурсах, фестывалях, дзе адзначаліся ўзнагародамі рознай вартасці. Ды і сама мастацкі кіраўнік неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам раёна і галіны.

У Алы Іосіфаўны заўсёды хапала натхнення і творчых задум, каб працаваць вынікова і плённа. І ў многім гэтаму садзейнічала тое, што па прафесійным шляху яны ішлі поруч з мужам Уладзімірам Макаравічам, які заўсёды аказваў падтрымку розным пачынанням у рабоце. Так і працавалі ўсе гады сямейным дуэтам на радасць людзям.  Дарэчы, трывалым аказаўся не толькі творчы саюз Субатаў, але і шлюб, у якім сужэнцы жывуць таксама сорак гадоў. Яны нарадзілі і вырасцілі двух дзяцей. Уладзімір Макаравіч ва ўласным выступленні зрабіў акцэнт на іх узаемаадносінах і выказаў надзею, што Ала Іосіфаўна, нягледзячы на выхад на заслужаны адпачынак, не пакіне любімага занятку, а надалей будзе дапамагаць яму несці культуру ў масы ў іх мясцовасці.

Аўтарытэт Алы Субат заслужаны любоўю і адданасцю абранай справе. Таму невыпадкова, што на свята прыйшло шмат  людзей з розных сфер дзейнасці, каб аказаць павагу мастацкаму кіраўніку з Азёрнаўскага цэнтра культуры. У ліку іх Алена Шпакевіч, старшыня Юркевіцкага сельвыканкама, Наталля Волк, прадстаўніца мясцовага савета жанчын, Людміла Грыб, дырэктар ДУК “Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва”, Аксана Юнчыц, старшыня прафсаюзнай пярвічкі работнікаў культуры, Юлія Сулкоўская, спецыяліст па кадрах ААТ “Доследны рыбгас “Белае”, загадчыкі  Людзяневіцкага цэнтра культуры Ала Ранчынская і Бярэзінскага клуба-бібліятэкі Наталля Купрыяновіч, Дзедаўскага сельскага клуба Алена Радчэня. Менавіта іх цёплая ўдзячнасць, выказаная Але Субат, у чарговы раз пацвердзіла, наколькі гэты чалавек запатрабаваны грамадствам. Народнае выслоўе сведчыць, што жыццё дадзена для добрых спраў, і жанчына бездакорна і годна справілася з такім нялёгкім заданнем.

Зразумела, што свята ў Азёрным не абышлося без падарункаў. Для Алы Субат, якая ўсё жыццё прысвяціла мастацтву, бадай, самымі лепшымі з іх былі песенныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў Дзедаўскага  сельскага клуба і народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” аддзела традыцыйнай культуры і фальклору.

Сяргей Белка

Фота Надзеі Некрашэвіч

 

 

Ала Субат дарыла землякам радасць і добры настрой: 1 комментарий

  • 13.08.2020 в 09:00
    Permalink

    Что либо так не согревает душевность, как необходимая статья. Большое спасибо сочинителю. Я уже — Ваш читатель

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.