Дар’я Шчур: «Ведаць усё немагчыма, але імкнуцца да гэтага трэба»

Так лічыць выпускніца Жыткавіцкай сярэдняй школы №2 Дар’я Шчур. Гэта яна ўзначаліла сёлетні абітурыентскі рэйтынг, дасягнуўшы лепшага ў раёне выніку – 350 балаў з чатырохсот магчымых.

Выдатніца імкнулася быць мацнейшай на працягу ўсіх вучнёўскіх гадоў. Пахвальнага ліста не атрымала толькі за сёмы клас, але гэта не перашкодзіла на выхадзе заслужыць залаты медаль. Дашын атэстат “заважыў” 96 балаў.

– Вялікую ролю ў маіх поспехах найперш адыграла мама, – тлумачыць сваю паспяховасць дзяўчына, – яна з дзяцінства натхняла, падтрымлівала і верыла, што я магу болей. А яшчэ ў нашай школе выдатныя педагогі, многіх проста абажаю. Лічу: дзякуючы сям’і і школе і дасягнула ўласнай мэты.

Вучаніца рана адчула схільнасць да гуманітарных навук, сярод якіх пераважала замежная мова. На факультатыў па англійскай хадзіла яшчэ ў дзіцячым садку. У раскладзе гэты прадмет з’явіўся ў трэцім класе, а напрыканцы сярэдняга звяна прыйшла сапраўдная ўлюбёнасць у інгліш. Пераход у профільную групу падмацаваў жаданне звязаць будучую прафесію менавіта з ім.

– Вызначэнне з выбарам далейшага шляху стала дадатковым стымулам, – ужо студэнтка Даша Шчур расказвае, што калі да дзясятага класа кожны год ўдзельнічала ў алімпіядах – па біялогіі, грамадазнаўству, англійскай мове, то два апошнія гады прысвяціла выключна падрыхтоўцы да ЦТ. – Даведалася, якія прадметы трэба здаваць у лінгвістычны ўніверсітэт, што за прахадныя балы там, і крок за крокам ператварала сваё жаданне стаць студэнткаю менавіта гэтай ВНУ.

З таго часу і засела за падручнікі па англійскай і рускай мовах і гісторыі Беларусі. Паўдзельнічала ў шасці тэсціраванніях, раз да разу паляпшаючы вынікі. Апошні год да самападрыхтоўкі дабавіліся заняткі з рэпетытарамі па дзвюх першых дысцыплінах і факультатыў па апошняй.

– Проста сядай і чытай, – у жыткаўчанкі не было сакрэтнай тактыкі авалодвання ведамі. – Школьнай праграмы ўпаўне хапае, толькі атрыманая інфармацыя хутка забываецца, усё трэба праходзіць занава. Гэта не цяжка, калі тое, што робіш, па душы. Мне падабаецца рашаць тэсты, як іншаму, да прыкладу, завісаць у кам’ютарнай гульні. Ніхто не зможа заматываваць больш, чым ты сам.

У выніку руская мова прынесла нашай медалістцы 88 балаў, англійскую напісала на 82 і гісторыю здала на 84. У суме (ці не дзіўна?) атрымаўся якраз леташні прахадны бал на запаветны перакладчыцкі факультэт. Між тым, незважаючы на такія высокія лічбы, Дар’я спачатку адчувала засмучэнне і незадаволенасць сабою.

– Разлічвала на большае, магчыма, гэта былі праявы зорнай хваробы, – жартуе субяседніца-максімалістка, – мяне віншуюць, а я паўтараю, што гэтага мала. На жаль, так і здарылася. Мінімум для паступлення павялічыўся аж на 20 балаў. Паступіла я на спецыяльнасць лінгвіст, выкладчык дзвюх замежных моў, але не губляю надзеі, што з цягам часу ўсё ж удасца атрымаць, як марыла, дыплом перакладчыка-рэферэнта.

Да слова, як адзначыў дырэктар СШ №2 райцэнтра Аляксандр Некрашэвіч, з дваццаці чатырох сёлетніх выпускнікоў 13 сталі студэнтамі бюджэтных аддзяленняў ВНУ.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.