Для мэты няма перашкоды

Ніхто не стане спрачацца: у горадзе для развіцця дзіцяці аб’ектыўна больш магчымасцяў. Толькі і з гэтага правіла бываюць выключэнні. Сваім прыкладам яго пацвердзіла выпускніца Чырвонаборскай сярэдняй школы Таццяна Пятрова.

Дзяўчына з маленькіх Келяў, дзе жывуць усяго дзевяць чалавек, дзякуючы ўпартасці, старанню і мэтанакіраванасці змагла стаць студэнткаю прэстыжнага медыцынскага ўніверсітэта ў Гродне.

Будучы педыятр расказвае, што памкненне да высокароднай прафесіі мела з дзяцінства. Праўда, яе “хворымі” пацыентамі часцей былі хатнія гадаванцы. Канчаткова вызначылася з выбарам класе ў пятым, з таго часу і налегла на профільныя дысцыпліны. Веды здольнай вучаніцы даваліся, да таго ж і настаўнікі заўжды падтрымлівалі.

– У маіх поспехах вялікі ўклад многіх прадметнікаў, – не наракаючы на перыфірыйны лёс, падкрэслівае Таня. – Гэта і Галіна Уладзіміраўна Дабжанская, і Антаніна Паўлаўна Ільеня, і Вольга Міхайлаўна Карчэўская. Багата прозвішчаў можна пералічваць. Ніколі яны не адмаўлялі ў індывідуальнай дапамозе, на факультатывах шмат займаліся і, зразумела, на кожным уроку.

Але ж вядома, што як конь не будзе піць прымусова, яго можна толькі падвесці да вады, так і дзіця без жадання спасцігаць ні адзін педагог не навучыць. Таццяне ў працалюбстве не адмовіш. Акрамя школьнай праграмы яна актыўна самаадукоўвалася, штудзіравала падручнікі, правярала сябе ў алімпіядах, а ў старэйшых класах трэніравалася на рэпетыцыйным тэсціраванні. І вынікі не прымусілі чакаць.  У атэстаце – 89 балаў, беларускую мову напісала на 81, ЦТ па біялогіі прынесла яшчэ 70 і хімія здадзена на 57 балаў. У суме атрымалася 297. Пры падтрымцы мэтавага накіравання гэтага хапіла для залічэння на бюджэт.

– Паменьшыць хваляванне перад экзаменам дапамагала вера ў мой шчаслівы браслет, – дзяўчына прызнаецца, што на кожны іспыт надзявала цёцін падарунак. – Хаця ж разумею: без належнай падрыхтоўкі ніякі амулет не спрацаваў бы. Адной удачы мала.

Таццяна не хавае задавальнення – ёй удалося апраўдаць надзеі многіх і ва ўласных вачах падрасці. Радуецца за сваю выпускніцу школа, станоўчыя эмоцыі і ў Танінай маці.

– Нам пашанцавала на неабыякавых людзей, што суправаджаюць па жыцці, – сціпла тлумачыць даччыны поспехі Іна Мікалаеўна. – Для таго, каб вучыцца, сапраўды няма ніякіх перашкод, задаволена сваімі дзецьмі.

Школьны аўтобус будзе заязджаць у Келі як мінімум яшчэ чатыры гады, пакуль атэстат не атрымае малодшая сястра нашай студэнткі. У Машыным дзённіку таксама добрыя адзнакі. А першым у сям’і Пятровых ва ўніверсітэт паступіў Мікалай, неўзабаве ён стане кваліфікаваным інжынерам.

У чаканні 1 верасня Таццяна пакуе чамаданы і настройваецца на вялікую працу, да якой даўно прывыкла.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.