Імёны вашы свята шанаваць

Колькі б ні мінула часоў, памяць пра Вялікую Айчынную вайну заўжды будзе адгукацца ў сэрцах беларусаў болем і смуткам пра загінулых і гонарам за вызваленцаў. У Тураве прайшлі ўрачыстасці з нагоды гадавіны абароны горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Білі зброяй, білі словам

Са сцен, нібы ачырвоненых крывавымі кроплямі, строга глядзяць партрэтныя вочы тутэйшых змагароў. Парашутны купал пад столлю, салдацкі гармонік, кацялкі і нават друкарская машына, на якой у тыле ворага выпускалі мясцовую газету. Гэтыя і шмат іншых артэфактаў краязнаўчага музея пасля рэканструкцыі тэматычнай залы, пазбавіўшыся зачыненых вітрын, сталі бліжэй да наведвальнікаў. Кіраўнікі раённай і гарадской улад, прадстаўнікі грамадскасці прынялі ўдзел у афіцыйным адкрыцці абноўленай экспазіцыі.

Па словах дырэктара ўстановы Дзмітрыя Апановіча, праект уласнымі рукамі і фантазіяй увасаблялі на працягу пяці месяцаў. Дзякуючы агульным намаганням зала не толькі набыла сучасны выгляд, на паліцах і вітрынах з’явіліся шэраг дакументаў, прадметаў і фотаграфіі, якія раней захоўваліся ў фондах. Вялікую гістарычную каштоўнасць, напрыклад, маюць дакументы, перададзеныя выхадцам з Пагоста, ваенным у адстаўцы Канстанцінам Голадам, які зараз жыве ў Маскве. З архіваў яму ўдалося дабыць унікальныя матэрыялы, на якіх яшчэ нядаўна стаяў грыф “Совершенно секретно”. У прыватнасці, стала даступнай пагадзінная хроніка вызвалення Турава 6-га ліпеня 1944-га.

Уражаныя ўбачаным, візіцёры не хавалі задавальнення: памяць у надзейных руках. Як пажаданне, каб у гэтай зале часцей бывала моладзь, не забываючыся, якую цану дзеды аддалі за сёняшні мір. І яшчэ адна прапанова да ўсіх жыхароў  — падзяліцца рэліквіямі ваенных часоў, экспазіцыя павінна папаўняцца.

Не згасне свечка памяці

Пасля музея эпіцэнтрам падзей стала Чырвоная плошча. Ля помніка на ўзбярэжжы Струменя, пад плітамі якога ляжаць каля паўтары сотні чырвонаармейцаў, прайшоў мітынг, прысвечаны значнай гістарычнай даце. Летам 1941-га года непакораныя захопнікам тураўчане мужна абаранялі сваю зямлю, якая некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Абарона горада пачалася 10 ліпеня. На шляху гітлераўцаў паўсталі байцы 18-га пагранічнага атрада, маракі Пінскай ваеннай флатыліі і салдаты 75-ай стралковай дывізіі. Пяць дзён нашы трымалі палескі райцэнтр, але пад націскам гітлераўцаў вымушаны былі адступіць. Сабраўшы сілы, змагары ў пачатку жніўня зноў вярнулі страчаныя пазіцыі. Канчатковая акупацыя Турава наступіла толькі 17-га чысла.

Звяртаючыся да землякоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш адзначыў, што нашчадкі павінны свята шанаваць імёны тых людзей, якія ў самы трагічны перыяд не далі растаптаць Радзіму фашысцкім ботам. Урокі гісторыі варта добра засвойваць, каб яны ніколі не паўтарыліся. Гэту думку ў сваіх прамовах падтрымалі і іншыя выступоўцы, а святар кафедральнага сабора Васіль Пыцель здзейсніў малітву па загінулых за сваю Айчыну. Да падножжа леглі кветкі, на пастаменце запалілі свечкі памяці.

Завяршальным акордам дзеі стаў тэматычны канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі работнікамі культуры.

Святлана ШАКАЛЯН

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.