І тавару накупілі, і нядрэнна адпачылі

Прайшоўшы ў мінулую суботу кірмаш засведчыў, наколькі многа старанных і ўвішных гаспадароў жыве ў нашых вёсках. Менавіта яны забяспечылі для гараджан шырокі асартымент агародніны і садавіны, іншых прадуктаў.  Іх багаты выбар мог задаволіць густ самага патрабавальнага пакупніка.

Сярод тых, хто складаў аснову гандлёвых радоў, і Таццяна Флёрка з аграгарадка Кольна. Хаця жанчына працуе фельчарам, але не цураецца пашчыраваць на зямлі. Разам з мужам трымаюць парнік, а ў цэлым абрабляюць  загон у сорак сотак. Плён земляробскай справы і прапанавалі гараджанам, выставіўшы на рэалізацыю памідоры, агуркі, баклажаны, перцы і іншую прадукцыі. Не менш багатая аддача сёлета і ў агароднікаў з Малога Малешава Вольгі Дарошка і Ганны Саянавай.

– Жыць у вёсцы і не мець уласнага агарода проста сорамна, – расказвалі пра свой бізнес жанчыны. – Што не кажы, а пастаянна жывую капейку зарабіць можна.

Як заўсёды разнастайнасцю раслінаводчай прадукцыі парадаваў фермер Віталь Шупеніч. Кансервы і садавіну прапаноўвалі прадаўцы з акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Многія пакупнікі прыцэньваліся да мяхоў збажыны. На жаль, яе можна было знайсці толькі на аўтамашынах КСУПа “Бялёў” і ААТ “Людзяневічы”. Таму тавар разышоўся за лічаныя хвіліны. Дарэчы, ім вельмі цікавіліся работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія прыехалі за зернем па заяўках сваіх апякаемых. А вось чаго-чаго, а не была ў дэфіцыце на кірмашы бульба. Клубні розных памераў прадаваліся ад 45 да 60 капеек за кілаграм.

Свежымі і вэнджанымі карпамі і шчупакамі як заўсёды радавала акцыянернае таварыства “Доследны рыбгас “Белае”. У чаканні яго машыны нават чарга выстраілася. Пастаралася і спажывецкае таварыства, якое выставіла на продаж мясныя вырабы.

На свяце кожны тавар знайшоў свайго пакупніка: бралі жыткаўчане не толькі агародніну і садавіну, і саджанцы пладовых дрэваў, расаду кветак, мёд. Значна весялей стала на мерапрыемстве, калі на імправізаванай сцэне з’явіліся самадзейныя артысты народнага ансамбля “Жытніца”. Іх музычныя матывы ўзнімалі настрой і ў пакупнікоў, і ў гандляроў. Першы кірмаш, як засведчыла практыка, не выйшаў камяком. Будзем спадзявацца, што і наступныя парадуюць такім жа багаццем дарункаў палёў і садоў.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.