Калі справы не разыходзяцца са словамі

Уладзімір Кучынскі, выконваючы абавязкі старшыні Рычоўскага Савета,  займае згаданую пасаду меней двух гадоў. Але і за такі параўнальна невялікі тэрмін здолеў прадэманстраваць мясцовым жыхарам, што сумеснымі намаганнямі вясковай улады і людзей можна паспяхова вырашаць самыя разнастайныя пытанні жыццядзейнасці.

– Галоўным у маёй рабоце з’яўляецца тое, каб пераканаць чалавека ў тым, што кожная выкананая справа, накіраваная на паляпшэнне і для зручнасці яго жыцця. І гэтую думку пастаянна даводжу да насельніцтва, – расказвае кіраўнік сельвыканкама. – Канечне, няпроста настроіць людзей, уплываць на іх свядомасць, але рук не апускаю.

Таму штодня Уладзімір Иванавич, вобразна кажучы,  разам са сваім актывам ідзе ў народ, каб у непасрэдных гутарках з вяскоўцамі данесці да іх патрабаванні па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, правілы бяспекі жыццядзейнасці, даведацца аб праблемах і гэтак далей. Пытанняў, якія даводзіцца вырашаць сельвыканкаму не злічыць.

Але і добрых спраў за час кіравання Кучынскім Рычоўскім Саветам зроблена нямала. Практычна на ўсіх могілках наведзены парадак. Да гэтай работы падключылі людзей, мясцовыя арганізацыі. У актыве і ўзведзены мост праз Сцвігу: зноў жа сумесны праект насельніцтва, ўлады і прадпрыемстваў. А нядаўна выконваючы абавязкі старшыні сельсавета парадаваў дзетак з вёскі Хачэнь – узвялі для іх гульнявую пляцоўку. Аб гэтым Уладзіміра Кучынскага папрасілі жыхары паселішча на агульным сходзе. Невыпадкова ўзнікла такое жаданне ў людзей. На цяперашні час у Хачэні налічваецца трыццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак, а вось бавіць свой вольны час ім не было дзе. Цяпер малыя з вялікім задавальннем збіраюцца ў цэнтры населенага пункта, каб пакатацца з горкі, пагушкацца на арэлях, паруліць на  цацачным аўтамабілі, проста пасядзець у альтанцы. Усе гэтыя архітэктурныя формы не толькі забяспечваюць попыт дзетвары ў гульнях, але і значна палепшылі знешні выгляд вёскі.

– Увогуле дэмаграфія не радуе, – з сумам канстатуе Уладзімір Іванавіч. – З пачатку года ў Савеце нарадзілася ўсяго трое немаўлят, а вось памерла 25 чалавек. Пражывае на адміністрацыйнай тэрыторыі прыкладна каля двух тысяч жыхароў. Але для іх маюцца і ствараюцца належныя ўмовы для задавальнення ўласных патрэб. У сельсавеце дзейнічаюць два лясніцтвы, столькі ж сельгаспрадпрыемстваў. Прыватнік хутка адчыніць хлебапякарню. Сетка сацыяльнай сферы прадстаўлена дзвюмя школамі-садамі, пяццю клубамі, сям’ю крамамі, трыма ФАПамі і іншымі ўстановамі.

Безумоўна, такі стан рэчаў задавальняе кіраўніцтва вясковай улады. Разам з тым, па меркаванні Уладзіміра Кучынскага, ёсць пра што турбавацца і над чым працаваць. Планы тут вялікія. Напрыклад, выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама хоча ажыццявіць праект па добраўпарадкаванні крыніцы, якая маецца каля Хачэні. Шмат высілкаў мяркуецца засяродзіць і на навядзенні чысціні і парадку на вясковых вуліцах. Гэта знос занядбалых будынкаў, устаноўка новых агароджаў, барацьба з пустазеллем, і многае іншае. Уладзімір Кучынскі спадзяецца, што насельніцтва падтрымае гэтыя ініцыятывы і знешні выгляд паселішчаў Савета стане прыгажэйшым. Прыкладаў жа дбайнасці гаспадароў на адміністрацыйнай тэрыторыі ўжо нямала і рух у згаданым накірунку відавочны.

Сяргей Белка

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.