Вогненнай плазмы ён валадар

Ігар Капыцін, аператар праекцыйнай апаратуры і газарэзальных машын 4 разраду, з тых, каго называюць элітай вытворчасці. У акцыянерным таварыстве “Сатурн-1” ён размяняў трэцяе дзесяцігоддзе працоўнага стажу, большасць якога абслугоўвае станкі плазменнай рэзкі металу.

Выпускнік нашага ПТВ пасля арміі пачынаў тут кар’еру слесарам механазборачных работ, потым быў штампоўшчыкам і зваршчыкам, пакуль прадпрыемства не набыло “плазму”.

Колькасць высоэфектыўнага абсталявання, задзейнічанага на вырабе элементаў для далейшай зборкі і  гатовых дэталяў, паступова павялічвалася. У дзень нашага наведвання завода металаканструкцый інжынеры расійскай кампаніі, прадстаўніка галандскай фірмы КОІКЕ якраз вялі наладку пятага такога механізма, створанага, як кажуць, па апошняму слову тэхнікі.

– Гэта да першага станка плазменнай рэзкі з лічбавым праграмным кіраваннем было страшнавата падступіцца, –усміхаецца Ігар Вячаслававіч, – зараз жа адно задавальненне асвойваць найноўшыя магчымасці. Іх не параўнаць – прадукцыйнасць, дакладнасць аперацый і іх якасць на парадак вышэйшыя.

У самай хуткаснай тэхналогіі раскройвання металу замест разца выкарыстоўваецца струмень тысячаградуснай плазмы, якая ствараецца пры ўздзеянні электрычнай дугі на газ, падаваемы ў сопла пад вялікім ціскам. Сапраўдная магія! Між тым, нягледзячы на тое, што аператар толькі задае алгарытм, усё астатняе робіць станок, абсталяванне ў тэхнічным і электронным сэнсе складанае. Каб навучыцца ім кіраваць, патрэбны грунтоўныя веды і навыкі. У Ігара Капыціна з гэтым поўны парадак. Маючы базавыя схільнасці да ўсялякай механізацыі, ён не губляе жадання ўдасканальвацца, працуе самааддана і шчыра. Прызнаецца: ёсць за што – заробак дастойны, калектыў добры, дырэктар на сваім месцы. За прафесійныя поспехі машынабудаўніка  неаднаразова заносілі на Дошку гонару “Сатурна”. Партрэт перадавіка ўпрыгожвае яе і зараз. Сваім рабочым, дарэчы, ганарыцца не толькі прадпрыемства, а і сям’я. Разам з жонкаю Ігар Капыцін выхоўвае дзве дачкі.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.