Ад сарафаннага радыё да Інтэрнэту: адкуль жыткаўчане атрымліваюць навіны?

Штодня журналісты раёнкі, каб трымаць сваіх чытачоў у курсе падзей, знаходзяцца ў інфармацыйным пошуку, выкарыстоўваючы дзеля гэтага самыя розныя крыніцы. Сёння  вырашылі пацікавіцца: а адкуль вы атрымліваеце навіны?

Ірына Сачыловіч, кіраўнік Юркевіцкай бібліятэкі-клуба:

— Звычайна з газет, якія атрымліваю на працы. І першай усе 17 гадоў, што на гэтай пасадзе, разгортваю, канечне, раёнку. Як жа не ведаць сваё роднае – чым жывуць нашы гарады ды вёскі, які ўраджай сабралі, каго хваляць, чым ганарацца. Неяк нават і пра мяне была публікацыя на старонках “Новага Палесся”, доўга потым людзі згадвалі. Без увагі не пакідаю і абласную прэсу, а з рэспубліканскіх чытаю “СБ”.

 

Дзіма Гораў, чацвёртакласнік з райцэнтра:

— Самыя важныя — звычайна ў школьнай кампаніі. У мяне восем сяброў, з імі і абменьваемся інфармацыяй. Напрыклад, пра дамашку ці як напісалі кантрольную. Зноў жа розныя гаджэты, гульні абмяркоўваем альбо цікавы канал аб прыродзе. А яшчэ, бывае, дзелімся сакрэцікамі пра сімпатыі да дзяўчынак (усміхаецца). Настаўнікі? Яны пра навіны на кожным уроку расказваюць.

 

 

Валерый Прышчык, прадавец (загадчык) магазіна спажыўкааперацыі, в. Беразнякі:

— Канечне, ад сваіх пакупнікоў. Магазін з 8 да 18 гадзін не пустуе, на вёсцы ён як грамадскі цэнтр, дзе любяць збірацца пенсіянеры. Яны паведамяць і пра сямейныя навіны, і пра сусветныя. Што чулі-бачылі, ніколі не ўтояць, толькі слухай. Пасля працы, як упраўлюся па гаспадарцы, падсажваюся да тэлевізара, каб паглядзець “Панараму”. Давяраю я толькі дзяржаўным каналам.

 

Юлія Жалковіч, маладая маці, г. Жыткавічы:

— Як і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва – чытаю навіны ў Інтэрнэце, хаця пры гэтым не лічу сябе заўзятым прыхільнікам Сусветнага павуціння. Больш часу аддаю дзецям. Звычайна заходжу на пару вядомых беларускіх інфармацыйных парталаў, але ж да таго, што пішуць, стараюся ставіцца крытычна. У instagram таксама падпісана на групы zhitkovichi_news и Молодёжь Житковщины. Бываючы ў мамы, чытаю “Новае Палессе”.

 

Цікавілася Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.